«І незалежна ад пагоды ўсё б’е крыніца пад гарой». Гэта радкі вядомай беларускай песні, якую выконвае ансамбль «Сябры». Цудоўныя словы музычнага твора мілагучна перадаюць непаўторнае хараство беларускіх крыніц, смак іх жыватворнай вады, якая наталяе смагу тым, хто здарожыўся падчас вандроўкі ці проста вырашыў папіць сцюдзёнай вадзіцы.
Амаль у кожным населеным пункце або побач з ім ёсць такія мясціны, дзе з-пад зямлі б’е халодная крынічная вада. Тыя, пра якія ведаюць мясцовыя жыхары, абгароджаны, знаходзяцца ў належным стане. Існуюць і закінутыя, забытыя людзьмі крынічкі.
Падчас чарговай рабочай паездкі па тэрыторыі Лужкаўскага сельсавета трапіў на месца, дзе калісьці існавала вёска Фаб’янава. Непадалёк ад яе, на стромкім беразе ракі Мнюты, з-пад зямлі струменіць чыстая празрыстая вада. Жыхар вёскі Гарадзец Андрэй Каланда і мясцовае насельніцтва акультурылі крынічку, усталявалі навес над ёй, а каб зручней было прайсці — праклалі сцяжынку, усталявалі парэнчы.
А якая смачная крынічная вада! Халодная, празрыстая як шкло. Яна і сапраўды спатольвае смагу, надае сілы і бадзёрасці. Паспрабаваўшы кубачак гаючай вадзіцы, рушыў па сцежцы да рэдакцыйнай машыны. У наступны раз, калі зноў прыеду сюды, абавязкова схаджу на гэта месца, каб адведаць непаўторны смак крынічнай вады.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.