У аўторак супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях былі апрануты ў параднае адзенне. Нагодай таму стала святкаванне Дня пажарнай службы.
Павіншаваць шаркаўшчынскіх вогняборцаў са знакавай датай — 170-годдзем пажарнай службы — завітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Ламака. Дзмітрый Міхайлавіч выказаў кіраўніцтву і асабоваму складу РАНС словы шчырай удзячнасці за нялёгкую, карпатлівую працу, накіраваную на захаванне спакою шаркаўчан, папярэджанне і ліквідацыю пажараў, аварый тэхнагеннага і прыроднага характару. Пажарныя-выратавальнікі нясуць службу ў рэжыме 24/7. І ў будні, і ў святы гатовы прыйсці на дапамогу ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу. Кіраўнік раёна ўручыў Ганаровую грамату райвыканкама за шматгадовую добрасумленную службу, узорнае выкананне абавязкаў начальніку пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 12 в. Варонка Ігару Кавалеўскаму. Падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта ўдастоены вадзіцель пажарнай аварыйна-выратвальнай часці № 1 г. п. Шаркаўшчына Аляксандр Майсяёнак.
Да віншаванняў у адрас сваіх калег і ветэранаў службы далучыўся начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Пальчэх. Ён адзначыў добрасумленную службу шэрагу супрацоўнікаў, уручыў лепшым граматы, падзячныя пісьмы, нагрудныя знакі.У сваім асяродку ў такіх выпадках пажарныя жадаюць адзін аднаму сухіх рукавоў. Вось і Іван Паўлавіч пасля цырымоніі ўзнагароджвання пажадаў супрацоўнікам падначаленага яму калектыву спакойнага нясення службы, як мага радзей прымяняць на практыцы свае тэарэтычныя веды. Але, упэўнены начальнік, калі спатрэбіцца дапамога, выратавальнікі акажуць яе аператыўна і зладжана.
Па даўняй традыцыі пасля завяршэння ўрачыстасці быў зроблены агульны фотаздымак на памяць, ён будзе размешчаны на чарговай старонцы летапісу шаркаўшчынскіх вогняборцаў.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.