Як вядзецца падрыхтоўка да «Дажынак», абмеркавалі падчас чарговага пасяджэння рабочага штаба

Общество

«Гэта наша агульная справа…» Такое выказванне зрабіў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Белавус падчас чарговага пасяджэння рабочага штаба па падрыхтоўцы да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі—2023».

Заканчваецца ліпень, усё менш застаецца часу да правядзення маштабнага сельскагаспадарчага форуму, які сёлета прыме наша Шаркаўшчына. Як бачна, з кожным днём актывізуюцца запланаваныя работы па навядзенні парадку, рамонце, будаўніцтве і мадэрнізацыі аб’ектаў райцэнтра.

Як вядзецца падрыхтоўка да фестывалю, расказаў намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Андрэй Шынкевіч. У прыватнасці ён паведаміў, што па стане на 20 ліпеня на аб’ектах было задзейнічана 627 чалавек. Пяць шматкватэрных жылых дамоў ужо здадзены ў эксплуатацыю, у хуткім часе будзе завершаны рамонт яшчэ аднаго. Ідзе ўкладка асфальтабетоннага пакрыцця на вуліцах гарадскога пасёлка і ў дваровых тэрыторыях. Пачынаецца капітальны рамонт маста праз раку Янку па вуліцы Чырванадворскай. Аналагічнага рамонту патрабуе мост праз гэту ж раку па вуліцы Савецкай. На дадзены момант праект праходзіць экспертызу. Завершаны работы па добраўпарадкаванні сквераў на плошчах Леніна і 1 Мая. У стадыі завяршэння афарбоўка агароджаў на вуліцах і завулках Шаркаўшчыны. У гарпасёлку заменены 220 старых вулічных ліхтароў з 250, па раёне іх колькасць склала 680 пры плане 1455. Работы па замене працягваюцца.

На пачатак верасня запланаваны ўвод у эксплуатацыю раёна электрычных сетак. Да 10 жніўня будзе завершана ўсталяванне даху на новым шматпавярховым доме па вуліцы Рабочай. Планава ідзе ўзвядзенне шматпаліўнай аўтазаправачнай станцыі.

Адна з асноўных праблем, з якой сутыкаюцца падрадныя арганізацыі, заключаецца ў недахопе людзей рабочых спецыяльнасцей, у прыватнасці, апрацоўшчыкаў. Гэта з’яўляецца стрымліваючым фактарам. У час пасяджэння было прынята рашэнне павялічыць колькасць такіх работнікаў на рамонтных работах у СШ № 1 за кошт часовага прыцягнення іх з іншых аб’ектаў. Недохоп працоўных адчуваюць усе арганізацыі, але, як падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама, праблему гэту патрэбна абавязкова вырашаць. Напрыклад, за кошт павелічэння працягласці рабочага дня і прыцягнення да работы ў выхадныя. Іншага выйсце няма, 1 верасня вучні СШ № 1 павінны сесці за парты ў адноўленай навучальнай установе.

У актыўнай фазе ідуць работы па мадэрнізацыі раённага Цэнтра культуры, у стадыі далейшага рамонту знаходзіцца раённы цэнтр рамёстваў. Уздоўж некаторых вуліц гарадскога пасёлка з пакладзеным новым асфальтабетонным пакрыццём цяпер ідзе пракладка аптавалаконнага кабелю. Уладзімір Мікалаевіч выказаў занепакоенасць тым, што работы па рэкультывацыі месцаў, дзе праходзілі траншэі, вядуцца не якасна. У абавязковым парадку трэба звярнуць пільную ўвагу на стан дарог раёна. У прыватнасці, намеснік старшыні аблвыканкама зрабіў шмат заўваг па аўтамабільнай трасе Дзісна—Шаркаўшчына. У самыя сціслыя тэрміны на ёй трэба выдаліць кустоўе, правесці абкос.

Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, абласны фестываль у Шаркаўшчыне абавязкова адбудзецца. Гарадскі пасёлак сустрэне яго адноўленым, адрамантаваным, правядзе сельскагаспадарчы форум на высокім узроўні.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.