Як паведамлялася раней, у сярэдняй школе № 1 гарадскога пасёлка ідзе капітальны рамонт з мадэрнізацыяй. Тут рэгулярна праходзяць пасяджэнні рабочага штаба. На гэтым тыдні мы наведалі ўстанову адукацыі і пацікавіліся ходам рамонтных работ.
З пачатку года работнікамі генеральнай падраднай арганізацыі, якой з’яўляецца таварыства з абмежаванай адказнасцю «Проф НК», зроблены значны аб’ём будаўнічых работ.
— Перад намі стаіць задача — у тэрмін здаць аб’ект, каб 1 верасня ў школе пачаўся вучэбны працэс, — расказаў прараб арганізацыі Аляксандр Стрык. — Штодзённа тут працуюць не менш за 90 чалавек. Паралельна выконваюцца сантэхнічныя, агульнабудаўнічыя і электрамантажныя работы. Ужо здадзены ў эксплуатацыю трэці паверх школы. Завяршаюцца работы на другім паверсе, дзе размешчаны вучэбныя пакоі. Ідзе рамонт кабінетаў, калідораў, харчовага блоку, спартыўнай залы. Для таго, каб паскорыць тэмп, па дамоўленасці з будаўнічымі арганізацыямі задзейнічаем пэўную частку рабочых з іншых аб’ектаў.
— Акрамя гэтага, працуем без выхадных, — далучылася да гутаркі майстар агульнабудаўнічых работ ТАА «Проф НК» Крысціна Кужэль. — На субпадрадзе задзейнічаны будаўнікі са спецыялізаваных арганізацый не толькі Віцебска, але яшчэ Наваполацка, Докшыц, іншых гарадоў вобласці. Усе мы зацікаўлены ў тым, каб капітальны рамонт сярэдняй школы № 1 быў завершаны ў самыя аптымальныя тэрміны, бо, як вядома, 1 верасня адмяніць нельга, кожны вучань павінен сесці за парты своечасова.
На трэцім паверсе навучальнай установы, які ўжо пакінулі будаўнікі, класныя пакоі чакаюць школьнікаў. Афарбоўка сцен тут светлая. У кожным класе сваё адценне. Для вучэбнага працэса закуплена новая мэбля — парты, стулы, дошкі. Навокал чысціня, парадак і ўтульнасць.
У адным з памяшканняў другога паверха працавалі маляры з Докшыцкай жыллёва-кумунальнай гаспадаркі Людміла Фаміна і Аксана Цяцеранкевіч. Жанчыны ўжо не першы дзень задзейнічаны на аб’екце, справу сваю ведаюць дасканала, таму і выконваюць яе якасна.
Непадалёк ад іх, у суседнім памяшканні, займаліся рамонтнымі работамі маляры-тынкоўшчыкі Мікалай Целяховіч і Валянціна Ходырава з ТАА «Проф НК». Віцябчане працуюць вахтавым метадам па дзесяць дзён.
Пакідаючы будынак школы, на тэрыторыі заўважылі тэхніку і работнікаў ДБУ-26. Шаркаўшчынскія дарожнікі задзейнічаны на добраўпарадкаванні. Гэта значыць, што абноўленая школа будзе і прыгожай, і ўтульнай, і сучаснай навучальнай установай, бо нездарма яна мае парадкавы нумар «1».
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.