Зрабіць сваё жыццё больш камфортным — ад добраўпарадкавання ўласнага дома да навядзення парадку на працоўных месцах, на дарогах, па якіх мы крочым штодзённа, у гандлёвых кропках, дзе набываем тавары паўсядзённага попыту, можам толькі мы самі. І гэта не агаворка…
Пра навядзенне парадку на зямлі, стварэнне камфортных умоў для жыцця і працы грамадзян ішла размова ў час раённага выязнога семінара ў Іёдскім сельсавеце.
Тэрыторыя яго, трэба сказаць, немалая. Пачынаецца сельсавет адразу за гарадскім пасёлкам ў напрамку Браслава з невялікай вёскі Буйкі. Па ходу перамяшчэння ўдзельнікі семінара зрабілі візуальны агляд могілак у Валожынках і Глісцёнках. Як паведаміў часова выконваючы абавязкі старшыні Іёдскага сельвыканкама Іван Пачкоўскі, усяго на тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 16 грамадзянскіх месцаў пахавання. Згодна выдаткаваным фінансавым сродкам праводзіцца іх добраўпарадкаванне, устаноўка агароджы і яе афарбоўка.
Важным фактарам у рашэнні пытанняў жыццядзейнасці з’яўляецца гандлёвае абслугоўванне насельніцтва. На тэрыторыі сельсавета маецца сем дзяржаўных і прыватных магазінаў. Па вызначаных маршрутах жыхароў аддаленых вёсак абслугоўваюць аўталаўкі. У аграгарадку Буеўшчына нядаўна адкрыўся прыватны магазін «Лаліта». Яго гаспадыня Лаліта Гара арандуе ў Шаркаўшчынскага УКП ЖКГ будынак, дзе раней размяшчаўся комплексна-прыёмны пункт камбіната бытавога абслугоўвання. Цяпер на гэтых плошчах ідзе рэалізацыя харчовай прадукцыі. Гандлёвая кропка карыстаецца попытам, а яшчэ, што немалаважна, стварае канкурэнцыю магазіну Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства, які размешчаны побач.
Сярод аб’ектаў для наведвання ў маршруце была пазначана і вытворчая сфера. Многае, але далёка не ўсё па добраўпарадкаванні зроблена на малочнатаварнай ферме «Буеўшчына», механічных майстэрань аддзяленняў «Шыці» і «Іёды» ААТ «Буеўшчына», а таксама на тэрыторыі механічных майстэрань у вёсцы Сасноўцы ААТ «Даватарскі».
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец засяродзіў увагу прысутных на тым, што ў вельмі дрэнным стане знаходзіцца аўтадарога ў напрамку з аграгарадка Буеўшчына да вёскі Лонскія, на ёй мноства ям і выбоін, на ўзроўках растуць хмызняк і кустоўе, якое на працягу некалькіх год не выдаляецца. У запушчаным стане аўтобусныя прыпынкі і павільёны на іх. Зусім процілеглы малюнак ствараюць работнікі Браслаўскага ДЭУ-34, на чыім балансе дарога Шаркаўшчына—Браслаў. Кожны аўтобусны прыпынак тут добраўпарадкаваны, пафарбаваны, на большасці з іх маюцца і павільёны для пасажыраў.
На належным узроўні ў мясцовым сельсавеце наладжана работа са старэйшынамі вёсак, жыхарамі сельскіх населеных пунктаў, якія прымаюць актыўны ўдзел у навядзенні парадку на зямлі. Дзякуючы ім, а таксама работнікам падшэфных арганізацый райцэнтра, сёлета пафарбавана вялікая колькасць пралётаў жалезабетоннай агароджы ў аграгарадках, на могілках.
У гэтым усе ўпэўніліся, калі трапілі на мемарыяльны комплекс у Шыцях. Тэрыторыя тут абкошана, агароджа пафарбавана. Дарэчы, сёлета тут завяршыўся рамонт дарогі з вёскі Лонскія ў вёску Зябліны. Частковы рамонт дарожнага пакрыцця праведзены і ў напрамку вёскі Свілы.
Медыцынскія паслугі насельніцтву аграгарадка Шыці і навакольных вёсак аказвае мясцовы ФАП. Будынак медустановы знаходзіцца на балансе ААТ «Буеўшчына», але грашовых сродкаў для правядзення рамонту ў гаспадарцы няма. Работы па замене падлогі тут выконваюць спецыялісты гаспадарчай групы Шаркаўшчынскай ЦРБ. На належным узроўні наладжана работа па прадастаўленні медыцынскіх паслуг у Іёдскай урачэбнай амбулаторыі і Сасноўскім фельчарска-акушэрскім пункце.
Дадзена станоўчая адзнака рабоце ўстаноў культуры. Сёння запатрабаванымі ў насельніцтва з’яўляюцца паслугі Буеўшчынскай бібліятэкі-клуба, загадчыкам у якой працуе дэпутат раённага Савета дэпутатаў Наталля Кандрацьева. Мноства культурна-масавых мерапрыемстваў ладзяць спецыялісты Іёдскай бібліятэкі і сельскага Дома культуры.
Падводзячы вынікі семінара, Уладзімір Шпец падкрэсліў, што работа ў Іёдскім сельсавеце праводзіцца грунтоўная, але трэба, каб да кожнай справы, да кожнага пытання быў асобны падыход. Думаць пра людзей і ствараць для іх камфортныя ўмовы — сёння галоўная задача ўлады ўсіх узроўняў. Кіраўнікам на месцах на ўсё трэба глядзець шырэй і больш уважліва, вырашаць праблемы разам з усімі раённымі службамі. Па выніках праведзенага семінара кіраўнікам некаторым прадпрыемстваў і арганізацый было ўказана на недапрацоўкі, вызначаны канкрэтныя тэрміны выпраўлення памылак.
Даведачна
На тэрыторыі Іёдскага сельсавета налічваецца 42 населеныя пункты, у якіх пражываюць 1267 чалавек. Найбольш буйнымі з’яўляюцца — аг. Іёды (363 жыхары), аг. Буеўшчына (166 жыхароў), в. Сасноўцы (138 жыхароў), аг. Шыці (133 жыхары) і в. Валожынкі (128 жыхароў). Сельскагаспадарчую дзейнасць ажыццяўляюць адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Буеўшчына» і «Даватарскі».
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.