Настаўнікі Більдзюжскай СШ расказалі пра захапляльную паездку па населеных пунктах Міёрскага і Браслаўскага раёнаў

Молодежь

Хочаш больш ведаць пра свой край і яго людзей — падарожнічай. Такога прынцыпу прытрымліваюцца педагогі і вучні Більдзюжскай сярэдняй школы.

Падчас летніх канікул дзявяцікласнік Антон Маслякоў, дзясяцікласнікі Іван Кузняцоў, Эвеліна Стральчук, Аляксандра Курцына, вучні адзінаццатага класа Валерыя Пальчэх, Вераніка Пашкоўская разам з настаўнікамі Вадзімам Казлоўскім і Аляксандрам Ластаўка накіраваліся ў захапляльную паездку па населеных пунктах Міёрскага і Браслаўскага раёнаў.

На працягу пяці год у навучальнай установе арганізуюцца велападарожжы па гарадах, гарадскіх пасёлках, вялікіх і маленькіх вёсачках заходняй часткі Віцебскай вобласці. Більдзюжскія велатурысты за гэты час аб’ехалі гістарычныя мясціны, наведалі і ўбачылі помнікі археалогіі, культуры, архітэктуры, сустрэліся з цікавымі людзьмі не толькі нашага раёна, але і Глыбоччыны, Пастаўшчыны, Браслаўшчыны. Па выніках кожнага велапахода пішуцца даследчыя работы, прадастаўляюцца да ўдзелу ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах. У 2021 годзе більдзюжскія велатурысты сталі лаўрэатамі ўсебеларускай маладзёжнай экспедыцыі «Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства». У мінулым годзе — пераможцамі. Старт пятаму, юбілейнаму падарожжу быў дадзены каля сцен роднай школы і прадоўжыўся па тэрыторыі Міёрскага раёна.

— Сёлета мэтай сваёй паездкі мы ставілі азнаямленне вучняў з рэлігійнымі храмамі, — кажа адзін з арганізатараў падарожжа настаўнік Вадзім Казлоўскі. — Спачатку наведалі царкву і касцёл у вёсцы Новы Пагост на Міёршчыне. У тым жа раёне ў вёсцы Кублішчына зайшлі ў стараверскі храм. Уразіў сваім непаўторным хараством і веліччу касцёл у Міёрах. Наведаўшы мясцовыя храмы, помнікі ахвярам Вялікай Айчыннай вайны і музеі, мы рушылі ў далейшы шлях. Па дарозе адкрываліся прыгожыя краявіды: на палях золатам налівалася збажына, удалечыні віднеўся азёрны блакіт. Прыпынак з начлегам было вырашана зрабіць у вёсцы Пераброддзе. Гэты населены пункт знаходзіцца на мяжы Міёрскага і Браслаўскага раёнаў. Раніцай наступнага дня, зрабіўшы памятныя фотаздымкі, паехалі наперад — нас чакалі іншыя населеныя пункты.

— Нягледзячы на тое, што надвор’е было цёплым  і сонечным, шлях для велатурыстаў аказаўся не вельмі лёгкім, — далучыўся да гутаркі настаўнік Аляксандр Ластаўка. — Прамежак дарогі ад Іказні да Слабодкі не дазваляў нам рухацца на веласіпедах, давялося ісці пешшу. Але такія цяжкасці не напалохалі сапраўдных велатурыстаў. Праз нейкі час мы трапілі ў Браслаў, дзе на ўскрайку горада паставілі палаткі і спыніліся на чарговы начлег. Раніцай праехалі па браслаўскіх вулачках, завіталі на Замкавую Гару, палюбаваліся прыгожай панарамай горада і возера Дрывяты, якая адкрываецца з самага ўзвышша гэтай гістарычнай мясціны Браслава, а потым паехалі ў накірунку вёскі Мількі. На шляху завіталі ў аграгарадок Ахрэмаўцы, спыніліся ў невялікай вёсачцы Барадзенічы каля мясцовага касцёла. Яшчэ з дзясятак кіламетраў — і мы вярнуліся зноў у Більдзюгі.

Трохдзённы 120-кіламетровы велапаход нікога не стаміў, наадварот, кожны з нас, асабліва вучні, атрымалі мноства станоўчых уражанняў ад убачанага падчас паездкі. Ужо сёння мы будуем планы на наступныя летнія канікулы, каб зноў адправіцца на веласіпедах у чарговую турыстычную вандроўку па гарадах і вёскай нашай прыгожай Віцебшчыны.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота Вадзіма КАЗЛОЎСКАГА.