Міледзій Кукуць: «Душой паэт я — веру і кахаю…»

Общество

Вялікая заслуга паэтаў і пісьменнікаў Беларусі ў тым, што родная мова па-ранейшаму з’яўляецца носьбітам спадчыны нашых продкаў, фундаментам культуры і адукацыі краіны. Гэтыя людзі праз свае творы прапагандуюць самабытнасць беларусаў, шматвекавую багатую гісторыю бацькаўшчыны.
У літаратуру Міледзій Кукуць прыйшоў са сталым жыццёвым вопытам, паўнавартаснай ацэнкай агульначалавечых каштоўнасцей. Нарадзіўся Міледзій Мікалаевіч на Міёршчыне, вучыўся ў Наўгародскай васьмігодцы. Затым быў Гарадоцкі тэхнікум, пазней — сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках. Прайшоў працоўны шлях ад юнака-пастуха да старшыні калгаса, шмат год узначальваў дзяржтэхнагляд райсельгасхарчу ў Шаркаўшчыне.
— Прыкладна ў 40-гадовым узросце я напісаў верш, — кажа паэт. — Тады, у пачатку 1990-х гадоў мы, творчыя людзі раёна, аб’ядналіся ў гурток аматараў паэтычнага слова і прозы — літаратурна-музычнае аб’яднанне «Світанак». З цягам часу калектыў атрымаў найменне «народны».
У 1997 годзе выйшоў першы зборнік вершаў і прозы Міледзія Кукуця «Адзін дзень і ўсё жыццё», якім пісьменнік вельмі ганарыцца і цяпер, напэўна таму, што кніга была першай у жыцці літаратара. Потым убачылі свет зборнікі «Чысціня душы», «На сёмым небе» і іншыя. Верш-прысвячэнне «Шаркаўшчынскі край», пакладзены на музыку кампазітара Аляксандра Яцкевіча, стаў гімнам Шаркаўшчынскаму раёну.
Беларускія літаратары кажуць, што творы Міледзія Кукуця напоўненыя верай, надзеяй, каханнем. Аўтар шчыры ў сваіх пачуццях, таму, створаныя ім вобразы ўспрымаюцца як рэальныя.
У чытальнай зале раённай бібліятэкі прайшла творчая вечарына, прысвечаная юбілею Міледзія Кукуця. Установа культуры ледзьве змясціла гасцей мерапрыемства — столькі родных, сяброў і знаёмых завіталі, каб павіншаваць шаркаўшчынскага літаратара. Сярод ганаровых гасцей былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец, які ўручыў юбіляру Ганаровую грамату Віцебскага аблвыканкама, намеснік старшыні саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Праўдзін, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Гернат, калегі па пяру, а таксама родныя і блізкія сэрцу Міледзія Мікалаевіча людзі.
На працягу ўсяго мерапрыемства гучалі вершы, напісаныя юбілярам у мінулыя гады, госці чыталі яго новыя творы. У зале панавала сяброўская творчая атмасфера. Работнікі ўстаноў культуры гарадскога пасёлка, удзельнікі народнага калектыву «Світанак», сябры з раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў выказвалі словы сардэчных віншаванняў і цёплых пажаданняў юбіляру.
Наперадзе ў Міледзія Мікалаевіча Кукуця яшчэ шмат задумак, якія ён абавязкова ўвасобіць у жыццё. Не толькі шаркаўчане, але і ўсе прыхільнікі творчасці нашага знакамітага земляка ў хуткім часе пабачаць новыя творы гэтага паважанага чалавека.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.