Прыемная навіна прыйшла з адкрытага акцыянернага таварыства «Даватарскі». Механізатар гэтай гаспадаркі Юрый Ардынскі на камбайне New Holland першым у раёне намалаціў 1000 тон зерня. Павіншаваць перадавога аграрыя з такой знакавай падзеяй прама ў поле прыехаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Ламака. Дзмітрый Міхайлавіч выказаў словы вялікай удзячнасці хлебаробу за нялёгкую, але вельмі ганаровую і пачэсную працу, уручыў каштоўны падарунак. Да віншаванняў далучыліся таксама старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Гернат, кіраўнік гаспадаркі Андрэй Пальчэх. Раздзяліла хвіліны радасці разам з мужам яго спадарожніца жыцця Ірына Ардынская. Ірына Леанідаўна шмат год з’яўлялася старшынёй прафкама сельгаспрадпрыемства, узначальвала яна і пярвічную арганізацыю грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын». Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома, якая яшчэ з’яўляецца лідарам раённай арганізацыі ГА «БСЖ» уручыла Ірыне Леанідаўна памятны падарунак і пажадала ёй разам з мужам яшчэ шмат год крочыць па жыцці разам. Бо працоўныя дасягненні Юрыя Геронцьевіча ў значнай ступені залежаць і ад надзейнага сямейнага тылу, які забяспечвае жонка.
Пасля выканання некалькіх вясёлых песень, якія праспявалі работнікі раённага Цэнтра культуры, Юрый Ардынскі завёў рухавік свайго камбайна і рушыў у поле. Жніво працягваецца…
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.