Работнікі Шаркаўшчынскага раёна электрычных сетак разам са спецыялізаванымі падраднымі арганізацыямі вобласці вядуць планавыя падрыхтоўчыя работы па замене паветраных электраліній. Ужо праведзена замена па вуліцах Савецкай і Маладзёжнай, а таксама па завулку Савецкім. Значны аб’ём работ трэба выканаць па пракладцы электракабелю, які пойдзе пад зямлёй агульнай даўжынёй каля пяці кіламетраў.
Як паведаміў галоўны інжынер Шаркаўшчынскага раёна электрычных сетак Віктар Лагун, распрацаваны адпаведны праект па ліквідацыі сямі трансфарматарных падстанцый і ўстаноўцы трох сучасных камплектных трансфарматарных падстанцый з бетонным корпусам. Яны будуць усталяваны па вуліцы Заслонава, ва ўнутраным двары гасцініцы, а таксама па вуліцы Савецкай. Вядома, што работа паветраных ліній электраперадач залежыць ад метэаўмоў. Часта здараюцца выпадкі, калі ад моцнага парывістага ветру ламаюцца апоры ліній, а таксама адбываецца разрыў правадоў. Негатыўны ўплыў аказвае і іх абледзяненне. Менавіта, каб не дапусціць такіх пашкоджанняў, павысіць надзейнасць атрымання электраэнергіі спажыўцамі, у Шаркаўшчыне і вядзецца пракладка падземнага электракабелю. Гэтыя работы праводзяць брыгады будаўнікоў з Віцебска, Полацка, Оршы, Талачына і Сянно.
Шаркаўчане, якія пражываюць на тых вуліцах, уздоўж якіх ідзе пракладка кабелю, нярэдка выказваюць сваё абурэнне на конт таго, што будаўнікі дастаўляюць шмат нязручнасцей, бо выкопваюцца глыбокія траншэі. Як запэўніў Віктар Лагун, пасля правядзення мантажных работ у абавязковым парадку на гэтыя месцы будзе завезена ўрадлівая глеба і пасеяна трава. Такім чынам, зручнасці гэта толькі часовыя, галоўнае, што работа, якую выконваюць спецыялісты, патрэбная і надзвычай важная.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

