Знакавым аб’ектам, які ўзводзіцца ў нашым гарадскім пасёлку напярэдадні абласных Дажынак, з’яўляецца 40-кватэрны жылы дом па вуліцы Рабочай. Работнікі Шаркаўшчынскай ПМК-68 (на здымку) сумесна з будаўнікамі з Глыбокага, Пастаў, Докшыц і Браслава ў наступным месяцы здадуць аб’ект у эксплуатацыю.
Больш за паўвека Дзень будаўніка ў нашай краіне адзначаецца ў другую нядзелю жніўня. Архітэктары, інжынеры, канструктары, муляры, тынкоўшчыкі, цесляры — усе гэтыя людзі патрэбныя на будоўлі.
— Асабіста для мяне будаўнік — гэта чалавек, які стварае ўтульнасць для кожнага з нас, — кажа дырэктар Шаркаўшчынскай ПМК-68 Васілій Бягун. — Ён робіць зямлю прывабнай і адметнай, пакідае пасля сябе добры след. Прафесія будаўніка няпростая: трэба працаваць пад адкрытым небам у любое надвор’е. Затое як прыемна потым бачыць вынікі сваёй працы.
Лічу, што любое будаўніцтва — добры паказчык таго, што жыццё працягваецца. Нягледзячы на тое, што наша арганізацыя перажывае не лепшыя часы, мы стараемся трымацца, шукаем аб’ёмы работ. На сённяшні дзень асноўным нашым аб’ектам з’яўляецца пяціпавярховік у мікрараёне будаўнікоў райцэнтра. Будаўніцтва яго мы пачалі ў снежні мінулага года. Генеральным падрадчыкам з’яўляецца Віцебскае ўпраўленне будаўніцтва. Усе віды работ пачыналі выконваць спецыялісты нашай арганізацыі і будаўнікі Глыбоцкай ПМК-48. На дадзены момант на аб’екце працуюць яшчэ спецыялісты з суседніх раёнаў. Заканчваем весці работы на даху, браслаўскія будаўнікі займаюцца вонкавым уцяпленнем фасаду. Зараз на пятым паверсе праводзіцца тынкоўка сцен. Дом гэты будзе аснашчаны двума ліфтамі, чаго не было ў пяціпавярховіках, якія будаваліся ў нашым гарадскім пасёлку раней. Кожны дзень на аб’екце задзейнічаны каля пяцідзесяці чалавек. Безумоўна, новы дом стане цудоўным і жаданым падарункам для сем’яў-навасёлаў і нашай Шаркаўшчыны, якая сёлета адзначае сваё 520-годдзе, а таксама будзе сустракаць гасцей і ўдзельнікаў абласнога свята-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023».
Напярэдадні нашага прафесійнага свята зычу сваім калегам, ветэранам працы трывалага здароўя, дабрабыту ў сем’ях! Няхай заўсёды здзяйсняюцца мары і надзеі! З Днём будаўніка!
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.


