У Шаркаўшчыне адбыўся выязны семінар на тэрыторыі Германавіцкага сельсавета

Общество

«Вопыт работы варты пераймання.» Так выказаўся старшыня Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец падчас выязнога семінара, які прайшоў на тэрыторыі Германавіцкага сельсавета.

Практыка правядзення такіх мерапрыемстваў наглядна паказвае, што дзякуючы ім актывізуецца работа дзяржаўных служб у справе навядзення парадку на зямлі, вырашэнні пытанняў і праблем жыццядзейнасці ўсіх катэгорый насельніцтва. І станоўчыя зрухі ў гэтым накірунку ёсць.

Тэрыторыя Германавіцкага сельсавета ўнушальных памераў. Тут у 54 населеных пунктах пражываюць 1834 чалавекі. Найбольш буйныя з іх — аграгарадкі Германавічы, Вялікае Сяло, вёскі Сталіца, Зорка, Папкі, Гуркі. Дайсці да кожнага, ведаць праблемы і дапамагчы вырашыць — гэта і з’яўляецца адной з асноўных задач у рабоце сельскіх Саветаў дэпутатаў. Галоўнае, што працаваць трэба ў цесным узаемадзеянні з тымі службамі, арганізацыямі і прадпрыемствамі, якія размешчаны на дадзенай тэрыторыі.

Удзельнікі семінара наведалі вытворчыя аб’екты, якія належаць сельгаспрадпрыемствам «Агратэхсэрвіс», «Княж» і «Ельня-Агра». У механічных майстэрнях, на зернесушылках, малочнатаварных фермах і на прылеглых да іх тэрыторыях чысціня і парадак. Тое ж можна сказаць і пра прыватнае прадпрыемства «СтройГрадЭкспо» у аг. Германавічы.

Вялікая ўвага надаецца сацыяльнай сферы — установам культуры, адукацыі, аховы здароўя. У Велікасельскім сельскім клубе, Германавіцкім Цэнтры культуры і народных традыцый праходзіла падрыхтоўка да святаў вёсак, рэпетыцыю праводзілі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці.

Медыцынскія паслугі на тэрыторыі сельсавета насельніцтву аказваюць Германавіцкая ўрачэбная амбулаторыя, Велікасельскі, Зоркаўскі, Ручайскі і Сталіцкі фельчарска-акушэрскія пункты. Ва ўстановах аховы здароўя працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія не толькі аказваюць якасную медыцынскую дапамогу, але і сочаць за парадкам у сваіх установах. У гэтым цалкам упэўніліся ўдзельнікі семінару.

На тэрыторыі сельсавета ёсць зона адпачынку на беразе возера Валозева ў вёсцы Буды. Тут размешчаны пляж, маюцца абсталяваныя альтанкі. За чысцінёй і парадкам сочаць прадстаўнікі камунальнай службы, падкос тэрыторыі ажыццяўляе ААТ «Ельня-Агра». На месцы зоны адпачынку бярэ свой пачатак экалагічная сцежка «Прырода роднага краю» працягласцю два кіламетры. Праходзіць яна па рэспубліканскаму ландшафтнаму заказніку «Ельня» і вельмі запатрабаваная сярод турыстаў і аматараў прыроды.

Значная работа праводзіцца сярод насельніцтва ў справе навядзення парадку на зямлі. Як расказала старшыня сельсавета Мая Якімовіч, дзякуючы старэйшынам вёсак, жыхарам, работнікам арганізацый вытворчай і сацыяльнай сфер агульнымі намаганнямі ствараецца прыгажосць і ўтульнасць у населеных пунктах: выдаляецца хмызняк, рамантуецца і фарбуецца агароджа, устанаўліваюцца малыя архітэктурныя формы, зносяцца безгаспадарчыя пабудовы.

У мінулым годзе вялікая работа па добраўпарадкаванні была праведзена ў ходзе падрыхтоўкі аграгарадка Германавічы перад раённымі «Дажынкамі». Але, на жаль, не ўсе арганізацыі па-гаспадарску падыходзяць да дадзенай справы.

На календары сярэдзіна жніўня. Уздоўж дарог, каля адміністрацыйных будынкаў, жылых пабудоў трэба праводзіць перыядычны падкос травы. З крытычнага боку ацэнена работа ДРБУ-131. Не абкошаны трубапераезд па вуліцы Школьнай у аграгарадку Германавічы, не выдалена кустоўе і не прыведзены ў належны стан тратуар па вуліцы Энгельса ў гэтым жа населеным пункце. Кепскі выгляд маюць і аўтобусныя прыпынкі, размешчаныя на аўтамабільнай дарозе Шаркаўшчына—Дзісна. Вясной уздоўж гэтай шашы праводзілася выкарчоўка кустоўя, але чамусьці паміж вёскамі Цярэшкі і Мікіцёнкі, каля вёскі Іванава, яно засталося ляжаць у кюветах. Так быць не павінна.

У час мінулага семінара, які прайшоў у Іёдскім сельсавеце, у дзяржаўных магазінах было бачна, што існуюць перабоі з наяўнасцю тытунёвых вырабаў. Тая ж самая сітуацыя адбываецца і ў гандлёвых кропках Германавіцкага сельсавета, якія належаць Докшыцкаму філіялу Віцебскага аблспажыўтаварыства. Для пакупнікоў існуе зусім малы выбар хлеба. Напрыклад, у магазіне вёскі Зорка ў продажы толькі прадукцыя Пастаўскага хлебазавода. Адваротная сітуацыя ў прыватных крамах. Як падкрэсліў старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец, сітуацыя патрабуе вывучэння і выпраўлення.

Пры падвядзенні вынікаў выязнога семінару, усе яго ўдзельнікі прыйшлі да агульнага меркавання, што тая работа, якая праводзіцца ў Германавіцкім сельсавеце ў вырашэнні пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва і навядзенні парадку на зямлі, заслугоўвае станоўчай адзнакі. Канечне, як і ў любой справе, ёсць некаторыя недахопы, але яны, дзякуючы сумеснай рабоце, аператыўна ліквідуюцца.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.