Сёння прафесійнае свята адзначаюць работніка дзяржаўнай статыстыкі Беларусі

Общество

23 жніўня сваё прафесійнае свята будуць адзначаць людзі, чыю працу можна назваць скрупулёзнай і надзвычай ўважлівай. Бо за кожным паказчкам, кожнай лічбай і аналітычным вывадам стаіць асабістая адказнасць работніка дзяржаўнай статыстыкі Беларусі.

Складана пераацаніць ролю гэтай галіны ў развіцці краіны. Яна з’яўляецца асновай для прыняцця важных рашэнняў і планавання на гады наперад. Статыстычная служба ў нашым рэгіёне прадстаўлена аддзелам статыстыкі Шаркаўшчынскага раёна. Зараз ў ім працуюць 4 спецыялісты, якія займаюцца зборам, аналізам і апрацоўкай атрыманай ад рэспандэнтаў інфармацыі і далейшай перадачай статыстычных дадзеных па каналах электроннай сувязі ў Галоўнае статыстычнае упраўленне Віцебскай вобласці. Гэта начальнік аддзела статыстыкі Наталля Падабыцька, намеснік начальніка Галіна Лялека, эканаміст Іна Бука і спецыяліст па правядзенні абследаванняў на тэрыторыі Лужкаўскага сельсавета Наталля Пачопка. Менавіта яны вывучаюць усе сферы жыццядзейнасці раёна: сельскую гаспадарку, вытворчасць, гандаль, будаўніцтва, узровень жыцця людзей, дэмаграфічны стан, аказанне платных паслуг і многае іншае.

Агульны рэзультат работы залежыць ад уклада кожнага спецыяліста і, у значнай ступені,  ад мікраклімату ў калектыве, а таксама  ўмелага кіраўніцтва. З 2012 года аддзел статыстыкі ўзначальвае Наталля Падабыцька. За шматгадовую плённую працу ў органах дзяржаўнай статыстыкі напярэдадні прафесійнага свята ёй аб’яўлена Падзяка Старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь.

— У асноўным мы займаемся зборам і апрацоўкай дадзеных дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці арганізацый і прадпрыемстваў гарадскога пасёлка і раёна ,- расказала Наталля Падабыцька. — Гэта дадзеныя аб аб’ёмах вытворчасці ў арганізацыях прамысловасці, сельскай гаспадаркі, сферах будаўніцтва, гандлю, паказчыкі фінансавага стану суб’ектаў гаспадарання. Калі я ў 2000 годзе прыйшла на работу, ў аддзеле было 8 чалавек. Зараз нас толькі чацвёра, усе прадстаўнікі калектыву — вопытныя спецыялісты, якія паспяхова спраўляюцца з пастаўленымі перад намі задачамі. У Галіны Лялека і Іны Бука стаж работы ў органах дзяржаўнай статыстыкі каля 25 гадоў. З 2021 года ў аддзеле працуе Наталля Пачопка. Яна займаецца правядзеннем выбарачных абследаванняў узроўню жыцця і занятасці насельніцтва, асабістых гаспадарак тых, хто пастаянна пражывае ў сельскай мясцовасці.

І хоць сёння з развіццём інфармацыйных тэхналогій апрацоўваць інфармацыю стала значна прасцей, у нашай сферы без такіх якасцяў як адказнасць, уважлівасць, кампетэнтнасць і дысцыплінаванасць не абысціся. Усімі гэтымі якасцямі ў поўнай ступені валодаюць усе супрацоўнікі нашага калектыву. Віншую ўсіх сваіх калег і паважаных ветэранаў, якія шмат гадоў адпрацавалі ў аддзеле статыстыкі, з прафесійным святам, ад усёй душы жадаю ўсім здароўя і дабрабыту.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.