Заканчваецца апошні месяц лета. Роўна праз тыдзень вучні сядуць за школьныя парты і пачнецца новы навучальны год.
Звычайна ў жніўні бацькі, бабулі і дзядулі займаюцца падрыхтоўкай сваіх дзяцей да школы. Набываюць канцылярскія тавары, пісьмовыя прыналежнасці, партфелі, рукзакі і, канечне ж, вопратку.
19 жніўня каля цэнтральнага ўваходу на рынак у гарадскім пасёлку працавала гандлёвая палатка ААТ «Світанак» (філіял г. Глыбокае). Тут быў прадстаўлены пашыраны асартымент тавараў для школьнікаў: касцюмы, камізэлькі, спадніцы, джэмперы, штаны, фуфайкі, спартыўныя касцюмы, блузы, бялізнавы трыкатаж.
Жыхарка аграгарадка Радзюкі Лільяна Карачун для свайго ўнука Лёні выбірала камізэльку. Шаркаўчанка Анастасія Зіміна прыйшла на кірмаш з сынам і дачкой.
— Асартымент тавараў шырокі, — адзначыла жанчына. — Цэны даступныя, якасць вопраткі выдатная. Я набыла абноўкі для Кірыла, які пойдзе ў шосты клас, і для Дашы, яна ў мяне яшчэ ходзіць у дзіцячы сад.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.