Па размеркаванні на пасаду інжынера КУВСП «Гарадзец» прыйшоў выпускнік Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Раман Феер

Молодежь Сельское хозяйство

Поруч з вопытнымі камбайнерамі сельгаспрадпрыемства «Гарадзец» паспяхова працуе і маладое папаўненне. Сёлета ў гаспадарку па размеркаванні на пасаду інжынера прыйшоў выпускнік Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Раман Феер.
Малады спецыяліст не толькі выконвае свае службовыя абавязкі, але яшчэ і вырашыў дапамагчы мясцовым аграрыям на жніве. У гаспадарцы быў камбайн «Палессе» КЗС-1218 без замацаванага за тэхнікай механізатара. Таму Раман вырашыў, што зможа працаваць на ім. Папярэдне агледзеў усе вузлы і агрэгаты, замяніў патрэбныя запчасткі і механізмы, вывеў камбайн у поле.
— Падчас мінулагодняга жніва я праходзіў практыку ў якасці памочніка камбайнера, — паведаміў нам Раман. — У сваёй большасці мне вядомы прынцып работы гэтай тэхнікі. Пакрысе набіраюся вопыту. На практыцы замацоўваю тэарэтычныя веды, якія атрымаў у акадэміі. Нарадзіўся і вырас я ў Бабруйску, але вельмі люблю вёску, працу на зямлі. У першы ж дзень майго знаходжання ў «Гарадцы» кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства выдзеліла мне жыллё, па-сяброўску сустрэў калектыў гаспадаркі. Спадзяюся, што пасля тэрміну абавязковай адпрацоўкі, застануся і надалей тут. Час пакажа.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.