У Шаркаўшчыне прайшоў каардынацыйны савет прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў

Общество Патрыятычнае выхаванне

У наступным годзе будзе адзначацца знакавая дата — 35-годдзе вываду савецкіх войск з Афганістана. Ужо распрацаваны рэспубліканскі план правядзення памятных мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай падзеі.

Пра тое, што плануецца ажыццявіць з гэтай нагоды ў Шаркаўшчынскім раёне, ішла гаворка падчас пасяджэння каардынацыйнага савета прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў.

— Несумненна, трэба ўдзяліць большую ўвагу воінам-інтэрнацыяналістам і іх сем’ям, — адзначыла ў час выступлення галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Тэрэза Міштоўт. — Значная колькасць іх ужо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, некаторыя маюць інваліднасць, таму трэба дэтальна вывучыць умовы пражывання, каб ведаць патрэбы кожнага.

Старшыня раённага аб’яднання ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Васілій Протас прапанаваў у час раённага суботніка прыняць удзел у добраўпарадкаванні сквера ДРБУ-131, дзе размешчаны помнік воінам-інтэрнацыяналістам. У межах падрыхтоўкі гарадскога пасёлка да абласных «Дажынак» там адрамантаваны дарожкі, пашырана пляцоўка, дзе праходзяць памятныя мітынгі, дадаткова ўстаноўлена чарговая адзінка ваеннай тэхнікі — бронетранспарцёр. І тэрыторыю сквера, і баявыя машыны трэба прывесці ў належны стан.

Сёлета ў другі раз праходзілі спаборніцтвы па зімняй лоўлі рыбы, прысвечаныя воіну-інтэрнацыяналісту Валянціну Кукліну. Ініцыятарам іх правядзення з’яўляецца кіраўнік раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Валерый Ан. Было прапанавана ў пачатку наступнага года правесці аналагічнае мерапрыемства з прыцягненнем большай колькасці чалавек. Пры непасрэдным удзеле гэтага ж аб’яднання, як і ў мінулыя гады, пройдзе турнір па таэквандо, прысвечаны подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў. Кіраўнік народнага калектыву «Світанак» раённага Цэнтра культуры Ала Клакоўская прапанавала правесці літаратурны конкурс, прысвечаны воінам-інтэрнацыяналістам.

Як падкрэсліла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома, гэтыя і шматлікія іншыя прапановы, якія паміж сабой абмеркавалі прысутныя, увойдуць у раённы план мерапрыемстваў, прымеркаваных да 35-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана.

17 верасня ў нашай краіне будзе адзначацца Дзень народнага адзінства. Кожнаму з прысутных было даручана прадумаць, якія мерапрыемствы з гэтай нагоды трэба правесці ў Шаркаўшчыне і раёне.

Як вядома, 2 мая 2023 года Міністэрствам юстыцыі была зарэгістравана Беларуская партыя «Белая Русь». Пазней прынята рашэнне аб стварэнні структур ва ўсіх раёнах нашай краіны. У канцы мая ў Шаркаўшчыне адбылася ўстаноўчая канферэнцыя раённага аддзялення Віцебскай вобласці Беларускай партыі «Белая Русь». Старшынёй савета раённага аддзялення абрана Людміла Стома, якая напрыканцы рабочага пасяджэння кардынацыйнага савета расказала пра асноўныя накірункі дзейнасці партыі.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.