Педагог-псіхолаг Шаркаўшчынскай СШ № 2 Валянціна Рубацкая узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Общество

Прафесіі настаўніка сваё жыццё прысвяціла педагог-псіхолаг Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына Валянціна Рубацкая.

— У педагогіку я прыйшла свядома, — кажа Валянціна Алегаўна. — Мая маці, Тэрэза Уладзіміраўна, таксама працавала ў школе, выкладала музыку. Я ж для сябе абрала крыху іншую спецыялізацыю. У 1990 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе набыла кваліфікацыю выкладчыка гісторыі. Вярнулася на малую радзіму ў Шаркаўшчыну і стала працаваць у СШ № 2. У сярэдзіне 1990-х гадоў многія педагогі набывалі другую вышэйшую адукацыю. Таму я таксама паступіла ў Віцебскі інстытут удасканальвання настаўнікаў, каб стаць педагогам-псіхолагам. У той час такая прафесія толькі пачала з’яўляцца ў навучальных установах краіны. І вось ужо амаль трыццаць год я нязменна працую на гэтай пасадзе ў сваёй школе.

Калі гутарылі з Валянцінай Алегаўнай, у яе рабочым кабінеце я заўважыў мноства ўзнагарод. За гэты час таленавіты педагог атрымлівала Падзякі, Ганаровыя граматы як раённага, так абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўняў.

З 1998 года Валянціна Рубацкая з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання педагогаў-псіхолагаў. У 2019 годзе яна была адзначана дыпломам другой ступені на абласным этапе конкурсу на лепшы праект шостага школьнага дня «Прафесійная мазаіка». Валянціна Алегаўна — пераможца раённага і прызёр абласнога этапаў конкурсу прафесійнага майстэрства «Маё пакліканне — псіхолаг» (2021 год). У мінулым годзе і сёлета ў межах раённага форуму маладых сем’яў «Вянок усіх каштоўнасцяў — сям’я» яна прымала ўдзел у адкрытым дыялогу ў якасці псіхолага-эксперта.

На абласной педагагічнай канферэнцыі работнікаў адукацыі і навукі, якая нядаўна прайшла ў Віцебску, Валянціне Рубацкай уручана Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за добрасумленную плённую працу, творчы падыход да справы, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення. Узнагароду яна атрымала з рук намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслава Дурнова.

— Валянціна Алегаўна сваю педагагічную дзейнасць заўсёды накіроўвае на стварэнне максімальна спрыяльных умоў для развіцця навучэнцаў школы, захаванне і ўмацаванне іх станоўчага псіхалагічнага стану, арганізацыю педагагічнага калектыву на вырашэнне задач псіхалагічнага забеспячэння працэсаў навучання і выхавання вучняў. Яна валодае шырокім спектрам методык, якія дазваляюць хутка і эфектыўна дасягнуць станоўчых вынікаў у рабоце, — адзначыла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Кацярына Міхнёнак. — Віншую Валянціну Алегаўну з чарговай заслужанай узнагародай, зычу ёй далейшых поспехаў у працы, дасягнення пастаўленых мэт!

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.