Калектыў Шаркаўшчынскага філіяла Віцебскага абласнога унітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам адзначае прафесійнае свята — Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці.
Дарэчы, у снежні споўняецца 50 год са дня ўтварэння Шаркаўшчынскага філіяла райпалівазбыту. На працягу апошніх 25 год яго ўзначальвае Міхаіл Уладзіміравіч Фамянок.
—На работніках філіяла адказная місія. Мы забяспечваем мясцовымі відамі паліва насельніцтва, установы сацыяльнай сферы і іншых спажыўцоў, каб у халодны перыяд года было цёпла ў дамах і службовых памяшканнях, — расказаў Міхаіл Уладзіміравіч. — А залогам поспеху з’яўляецца старанная праца ўсіх супрацоўнікаў калектыву, які на сённяшні дзень налічвае 15 чалавек. І хоць цяпер усе імкнуцца перайсці ў сваіх дамах на электра — або газавае ацяпленне, сёлетні год яшчэ раз пацвярджае: паслугі нашага прадпрыемства ў жыхароў раёна па-ранейшаму запатрабаваныя. План па забеспячэнні насельніцтва тонамі ўмоўнага паліва (дровамі і торфабрыкетам) у параўнанні з узроўнем мінулага года па стане на 1 верасня выкананы на 104 працэнты. Гэта сведчыць аб тым, што наш невялікі калектыў працуе добрасумленна. Кожны чалавек на сваім участку адказна падыходзіць да выканання сваіх службовых абавязкаў. Упэўнены, што з калектывам нашага філіяла можна выконваць любыя задачы. Асаблівай павагі заслугоўвае праца прадстаўнікоў рабочых прафесій. У філіяле па забеспячэнні палівам працуюць мужчыны, якія не баяцца фізічнай працы. Для іх не то што цвік забіць, а адгрузіць за дзень па тры прычэпы дроў і па тры — торфабрыкету, — справа вырашальная, хоць і з поўнай фізічнай выкладкай. Асобна хачу адзначыць працу нашых раскрыжоўшчыкаў Аляксандра Цэвана і Аляксандра Базільчука, якія займаюцца распілоўкай дроў, паспяхова спраўляючыся са значнымі аб’ёмамі работ і вялікай фізічнай нагрузкай. У ліку лепшых работнікаў і нашы вадзіцелі: Аляксандр Пятроў, Павел Рэдзіка, Павел Лалыка, Грыгорый Яфімаў, а таксама вадзіцель пагрузчыка Антон Протас.
3 верасня — наша прафессійнае свята. Я віншую з ім усіх работнікаў калектыву і асабліва нашых ветэранаў працы. Жадаю кожнаму моцнага здароўя, асабістага шчасця,а прадпрыемству — стабільнасці і паспяховага развіцця.
А яшчэ кіраўнік прадпрыемства нагадаў усім чытачам раённай газеты, што самая гарачая пара для іх калектыву — гэта восень і зіма. Бо не сакрэт, што большасць жыхароў раёна ўспамінае пра забяспечанасць сваіх дамоў палівам фактычна перад з’яўленнем першых замаразкаў. І ў другой палове восені рэзка ўзрастае колькасць жадаючых набыць дровы ці торфабрыкет. Каб пазбегнуць ажыятажу і доўгіх чэргаў, жыхарам нашага гарадскога пасёлка і раёна варта загадзя падрыхтавацца да зімы і забяспечыць свой дом палівам. Зрабіць гэта без праблем можна і цяпер.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.