Сёлета ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Княж» на жніве было задзейнічана пяць адзінак камбайнаў. Трэба было убраць 1177 гектараў зерневых культур (без уліку рапсу). Нагрузка на адзін камбайн склала 235 гектараў, намалочана 3043 тоны.
Канечне, у параўнанні з мінулагоднім валавым зборам, калі гаспадарка змагла атрымаць 4508 тон, гэта ніжэйшы паказчык. Але, як мы ўжо неаднаразова паведамлялі ў газеце, адмоўны ўплыў аказала сухое надвор’е. Тым не менш, мясцовыя аграрыі не адчайваюцца. Зладжана і амаль без паломак сёлетняе жніво правялі вопытныя камбайнеры Віктар Хаданёнак і Юрый Мятла (на здымку). Першы абмалаціў 151 гектараў і сабраў 358 тон зерня, а другі запісаў на свой рахунак 48 гектар палёў, адправіўшы ў дзяржаўныя засекі 193 тоны.
— Я хоць ужо восем год знаходжуся на заслужаным адпачынку, але, як толькі прыходзіць час жніва, заўсёды дапамагаю гаспадарцы, — кажа Юрый Яўгеньевіч. — У часы маладосці пачынаў убіраць зерне на камбайне «Ніва». 21 год адшчыраваў на Дон-1500. Трэба сказаць, што і нашы айчынныя камбайны выдатная тэхніка, галоўнае — пільна глядзець за ёй і своечасова рамантаваць.
Адзінаццаты сезон убірае збажыну на камбайне «Палессе» КЗС-1218 Віктар Юльянавіч. У цяперашні час мужчына рыхтуе тэхніку для зімовага захоўвання, каб потым перасесці за руль трактара. Работы ў сельгаспрадпрыемстве хапае, таму сядзець склаўшы рукі ў механізатараў няма часу.
Мясцовыя аграрыі закладваюць трывалую аснову пад будучы ўраджай. Пасеяна 280 гектараў азімага рапсу, 98 гектараў пшаніцы, ідзе ўборка кукурузы.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

