З мэтай больш цеснай сувязі паміж рэдакцыяй і жыхарамі раёна па аўторках з 10 да 11 гадзін ва ўстанове працуе «гарачы тэлефон». Набраўшы нумар 6-13-39, кожны можа звярнуцца з просьбай, скаргай, прапановай, а таксама падказаць тэмы для публікацый.
Магчымасць патэлефанаваць у рэдакцыю скарыстала пенсіянерка Галіна Адамаўна Бабчонак. Жанчына пражывае па вуліцы Энгельса, 26 у гарадскім пасёлку. Паміж яе і суседнім дамамі знаходзіцца калодзеж, толькі вось ўжываць у ежу ваду з яго вельмі небяспечна. Чаму?
Мы адправіліся да Галіны Адамаўны, каб разабрацца ў сітуацыі. Адразу стала бачна, што дадзены калодзеж патрабуе рамонту. За працяглы час яго эксплуатацыі напалову развалілася верхняя бетонная цэмбравіна. Такі ж працэс адбываецца і з ніжняй. Паміж цэмбравінамі утварылася мноства адтулін, праз якія ў калодзеж з пітной вадой трапляе шматлікі бруд пасля дожджу. Па словах жанчыны, неаднаразова у вядры з вадой на паверхню трапляюць нават вужы. Галіна Адамаўна жыве адна, у 74-гадовым узросце яна не ў стане адрамантаваць гэты калодзеж. А невялікі памер пенсіі не дазваляе прабурыць уласную свідравіну і правесці асабісты водаправод. Таму і ходзіць пажылая жанчына за пітной вадой да калодзежа, які размяшчаецца непадалёк ад царквы іконы «Усіх смуткуючых Радасць». Сітуацыя патрабуе станоўчага вырашэння, на гэта і спадзяецца Галіна Адамаўна.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

