Пра гэта, а таксама пра работу ўстаноў сацыяльнай і вытворчай сфер, навядзенне парадку на зямлі ішла гаворка падчас выязнога семінара ў Радзюкоўскім сельсавеце.
Маршрут удзельнікаў семінара пралягаў праз вёску Юзэфова. Гэта прыгарад райцэнтра, у якім пражываюць каля пяцідзесяці чалавек. Па шляху візуальна агледзелі стан узбочын дарог, прысядзібных участкаў мясцовых жыхароў. З 2016 года пачало сваю працу ўнітарнае прадпрыемства па здабычы торфу, вытворчасці і рэалізацыі высакародных субстратаў «Брызант-Рэсурсы», размешчанае каля вёскі Савіцкія. Яго кіраўнік Андрэй Лебедзеў правёў для ўдзельнікаў семінара аглядную экскурсію па вытворчых памяшканнях, па тэрыторыі.
Напрыканцы мінулага года ў вёсцы Александрова пачалося ўзвядзенне трохпавярховага корпусу псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Пра ўстанову і ход будаўніцтва расказаў дырэктар дома-інтэрната Мар’ян Паўловіч. Плануецца, што ўвод аб’екта ў эксплуатацыю адбудзецца ў студзені будучага года. Удзельнікі выязнога семінара азнаёміліся з работай фельчарска-акушэрскага пункта ў Радзюках. Наведалі яны мясцовы сельскі Дом культуры і бібліятэку.
Аграгарадок Радзюкі — цэнтр сельсавета і сельгаспрадпрыемства імя Маркава. Праз гэты населены пункт праходзіць аўтамабільная дарога ў накірунку Шаркаўшчыны, Браслава і краін Прыбалтыкі. Як падкрэсліў старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец, Радзюкі з’яўляюцца ўязнымі варотамі ў наш раён і гарадскі пасёлак, таму эстэтычны выгляд яны павінны мець адпаведны. Яшчэ з мая тут пачалі весці работы па фарбаванні агароджы, выдаленні кустоўя і абкосе ўзбочын дарог, канаў, прысядзібных тэрыторый. Работа па добраўпарадкаванні працягваецца і ў цяперашні час. Не вельмі прыгожы малюнак адкрываецца каля мясцовай малочнатаварнай фермы. Тут на ўзбочынах дарог расце густое пустазелле, не абкошаны і сянажныя траншэі. Мясцоваму сельгаспрадпрыемству даручана ліквідаваць рэшткі фундамента дома ў вёсцы Маркі. Была зроблена заўвага ў адрас лінейна-дарожнай дыстанцыі № 353 ДЭУ № 35. У кюветах уздоўж аб’язной дарогі трэба выдаліць кустоўе. Каля кантэйнераў для смецця на могілках вёскі Болкалы расце пустазелле.
Пры падвядзенні вынікаў усім службам і арганізацыям былі пастаўлены задачы і акрэслены тэрміны выпраўлення памылак, якія абавязкова трэба ліквідаваць да пачатку абласных «Дажынак».
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.