Цікавае мерапрыемства, прымеркаванае да абласных «Дажынак», пройдзе ў нашым гарадскім пасёлку. Шаркаўшчына сустрэне ўдзельнікаў конкурсу прафесійнага майстэрства «Кветкі Віцебшчыны-2023».
Як паведаміў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Малюгін, калегіяй галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама і прэзідыўмам Віцебскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў прынята пастанова аб правядзенні ў Шаркаўшчыне дадзенага конкурсу. 15 верасня на скрыжаванні вуліц Кірава і Чырвонаармейскай у гарадскім пасёлку свае кампазіцыі прадставяць лепшыя кветкаводы камунальных служб вобласці.
Прадстаўнікі прафсаюзных пярвічных арганізацый гарадскога пасёлка каля помніка загінуўшым землякам у гады Вялікай Айчыннай вайны (менавіта там будуць размешчаны кампазіцыі) правялі расчыстку пляцоўкі — перасадзілі туі і іншыя расліны, знялі верхні пласт грунту.
Дарэчы, па ўмовах конкурсу кампазіцыі з кветак пасля праведзенага мерапрыемства застануцца ў Шаркаўшчыне ў якасці падарунка нашаму гарадскому пасёлку.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.