У ААТ «Даватарскі» ідзе сяўба азімых зерневых культур

Сельское хозяйство

Як толькі зернеўборачныя камбайны пакінулі жніўныя палеткі, аграрыі раёна прыступілі да сяўбы азімых зерневых культур. Пастаўлена задача — пасеяць якасна і ў тэрмін.

У ААТ «Даватарскі» азімы рапс пасеяны на 320-гектарнай плошчы. Запланавана таксама загарнуць насенне азімых зерневых культур на 1920 гектарах. 1700 гектараў плануецца адвесці пад пшаніцу, 220 — пад ячмень.

— Аб’ёмы значныя, але мы прыкладаем максімум намаганняў, каб іх выканаць у тэрмін, — сцвярджае аграном сельгаспрадпрыемства Віктар Жук. — Штодзённа ідзе падрыхтоўка глебы пад сяўбу. На ўзворванні задзейнічаны механізатары Яўгеній Баговіч, Алег Палягошка, Павел Кавалёнак. У глебу ўносяцца мінеральныя ўгнаенні — азот, фосфар, калій.

Калі мы трапілі ў гаспадарку, работы вяліся ў адзяленні «Васюкі». Каля вёскі Зямцы падрыхтоўкай глебы на энерганасычаных трактарах «Беларус» МТЗ-3522 у счэпе з дыскатарам і на «Кіравец» К-744 у счэпе з культыватарам займаліся Аляксандр Драбовіч і Раман Ліпскі. Услед за імі рухаўся з сеялкай АПП-6А трактарыст Сяргей Лук’янскі. Яго сталёвы конь у клубах густога пылу ледзьве быў бачны. Глеба тут моцна перасохла, ападкаў не было даўно. Каб падрыхтаваць зямлю, трэба зрабіць некалькі слядоў з дыскатарам, здрабніць кавалкі гліны культыватарам, а потым сеяць. Гэта, безумоўна, вельмі затратна, бо адбываецца вялікі расход паліва, якое ў гаспадарцы не бывае лішнім.

Каля вёскі Курылавічы ўзворванне праводзіў Яўгеній Баговіч. Па перасохлым полі, дзе раслі яравыя зерневыя, трактар рухаўся павольна і марудна.

— Нават магутнай тэхніцы цяжка працаваць, — сказаў механізатар. — Спрабавалі спачатку каля вёскі Сямёнавічы, але там не атрымалася — плугі не ўвайшлі ў глебу. Вельмі патрэбен дождж.

У час нашай гаворкі на поле прыехаў бензавоз. Яўгеній заправіў палівам свой «Беларус» МТЗ-3522 і зноў рушыў у поле.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.