Вучні і людзі старэйшага пакалення разам абмеркавалі значнасць Дня народнага адзінства

Общество

Напярэдадні дзяржаўнага свята, Дня народнага адзінства, ва ўстановах адукацыі і культуры прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных самаму маладому святу Рэспублікі Беларусь.

У сярэдняй школе № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Кудрына сабраліся вучні і людзі старэйшага пакалення, каб разам абмеркаваць значнасць гэтага дня для кожнага беларуса.

На працягу стагоддзяў менавіта адзінства давала сілы жыхарам нашай краіны для перамогі над ворагам і абставінамі. Так было і ў 1939 годзе, калі ўз’яднаўся народ Заходняй Беларусі і БССР ў адну краіну. Пра гістарычныя падзеі амаль стогадовай даўнасці прысутным расказала навуковы супрацоўнік Германавіцкага мастацка-этнаграфічнага музея імя Язэпа Драздовіча Іна Пучынская.

Безумоўна, вялікую ролю ў развіцці беларускага грамадства, зберажэнні яго адзінства адыгрываюць грамадскія арганізацыі. Ветэран камсамольскага руху Ядзвіга Чарвінская расказала школьнікам пра слаўныя традыцыі самай масавай маладзёжнай арганізацыі, якая існавала ў савецкі час. Ядзвіга Баляславаўна падкрэсліла, што і сёння ў нашай незалежнай краіне створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі падрастаючага пакалення.

Пра тое, як жыве моладзь Шаркаўшчыны, якімі карыснымі справамі яна займаецца, пра новыя праекты і задумкі, ідэі і заняткі паведаміла першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Кавалеўская.

З мэтай зберажэння памяці пра Вялікую Айчынную вайну, з’яднання моладзі Беларусі і Расіі, рэалізуецца сумесны культурна-адукацыйны праект «Цягнік Памяці». Стартаваў ён у мінулым годзе, а сёлета да моладзі Беларусі і Расіі далучыліся яшчэ юнакі і дзяўчаты Кыргызстана і Арменіі, усяго 200 чалавек. Стаць удзельнікам такога маштабнага праекта пашчасціла вучаніцы 11 класа Германавіцкай СШ Ганне Высоцкай. Шмат цікавых фактаў з 16-дзённага падарожжа па гарадах Беларусі і Расіі яна расказала сваім равеснікам.

— У памяці ўдзельнікаў праекта захаваліся сіла народнага супраціўлення, нязломная воля, подзвігі воінаў, якія змагаліся за свабоду ў часы Вялікай Айчыннай вайны ў імя будучых пакаленняў, — падкрэсліла Ганна.

У заканчэнні мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Васілеўскі адзначыў, што першая ўмова суверэнітэта і незалежнасці краіны — гэта народнае адзінства. Мы, беларусы, заўжды дэманстравалі яго ў пераломныя моманты гісторыі, мы павінны быць адзіным народам і цяпер.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.