Наш карэспандэнт наведаў Іёдскае лясніцтва і пагутарыў з яго кіраўніком Аляксандрам Гедройцам

Общество

Сёння прафесійнае свята адзначаць людзі, якія сваё жыццё прысвяцілі працы ў лясной гаспадарцы. Наш карэспандэнт наведаў Іёдскае лясніцтва і пагутарыў з яго кіраўніком Аляксандрам Гедройцам.

— Ведамасная прыналежнасць нашага лясніцтва, як састаўной часткі Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры», адносіцца не да Міністэрства лясной гаспадаркі, а да Кіравання справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — расказаў Аляксандр Уладзіміравіч. — Уся гаспадарчая дзейнасць, якую мы праводзім на сваёй тэрыторыі, накіравана на захаванне натуральных прыродных комплексаў. Агульная плошча Іёдскага лясніцтва — звыш трынаццаці тысяч гектараў, з іх прыблізна палова знаходзіцца на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна. 70 працэнтаў насаджэнняў складаюць ліставыя пароды (вольха, бяроза, асіна), 30 — хвойныя (елка, сасна).

Штат арганізацыі складаецца з ляснічага, яго памочніка, бухгалтара, ёсць два майстры лесу, 12 леснікоў, вадзіцель і трактарыст. Дарэчы, леснікі маюць сумежныя спецыяльнасці: ляснік-вальшчык, ляснік-вадзіцель, ляснік-трактарыст. Для якаснага і своечасовага правядзення планавых гаспадарчых работ маем усё неабходнае — бензапілы, мотапомпы, кустарэзы. У наяўнасці таксама два грузапасажырскія аўтамабілі УАЗ, адзін ГАЗ-3308, дзве адзінкі трактароў «Беларус» МТЗ-82 і адзін ТТР (тралёвачны трактар). Дапамогу таксама аказвае лесапункт, які створаны пры Нацыянальным парку. Па папярэдніх заяўках яго работнікі ажыццяўляюць выезды для нарыхтоўкі драўніны на вызначаных участках.

Нягледзячы на шматлікія цяжкасці па збыце лесапрадукцыі за мяжу, знаходзім выйсце. Апошнім часам, калі закрыўся еўрапейскі рынак, мы пастаўляем драўніну ў Расійскую Федэрацыю, Азербайджан, Кітай. Забяспечваем мясцовае насельніцтва паліўным матэрыялам.

Напярэдадні прафесійнага свята ад усёй душы жадаю сваім калегам моцнага здароўя, аптымізму, стабільнасці. Няхай усе мэты і памкненні абавязкова рэалізоўваюцца, а ў сем’ях пануюць толькі лад, згода і дабрабыт!

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.