У нашай краіне ўрачыста адзначаць Дзень народнага адзінства. Усім вядома, што 84 гады назад народ Заходняй Беларусі ўз’яднаўся з суайчыннікамі, якія пражывалі ў БССР.
Менавіта ў населеных пунктах заходняй часткі нашай рэспублікі плошчы, вуліцы і завулкі названы ў памяць пра тыя падзеі. У нашым раёне ў Шаркаўшчыне, а таксама ў аграгарадку Лужкі ёсць вуліцы з найменнем 17 верасня. Што датычыцца назвы вуліцы ў гарадскім пасёлку, то калісьці яна была імя Пілсудскага, а ўжо пазней улады змянілі назву. Дарэчы, гэта адна з самых працяглых вуліц райцэнтра. На ёй размяшчаюцца раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, суд, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раён электрычных сетак, установы гандлю, жылыя пабудовы. У мінулым на вуліцы былі яшчэ рэдакцыя раённай газеты, гарпасялковы Савет дэпутатаў, сярэдняя школа, Шаркаўшчынскі ўчастак Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната. Перад абласнымі «Дажынкамі» вуліца набывае новае аблічча: пафарбавана агароджа, пакладзена новае асфальтабетоннае пакрыццё, адрамантаваны фасады жылых і адміністрацыйных будынкаў, устаноў.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.