
Адшапацела зялёным лісцём, адзіхацела яркім сонцам хуткаплыннае лета. Вось ужо і жнівень заканчваецца. Сёння ва ўсіх школах праходзяць ўрачыстыя лінейкі з нагоды першага званка. А крыху раней, 27 жніўня, у раённым Доме культуры адбыўся штогадовы традыцыйны педагагічны форум.

На жнівеньскай нарадзе настаўнікаў, як правіла, падводзяць вынікі мінулага вучэбнага года, акрэсліваюць канкрэтныя перспектыўныя планы і ставяць задачы на наступны. Гэта і было асноўнай тэмай дакладу, з якім начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. І. Лемяшэўская звярнулася да прысутных у зале педагагічных работнікаў. У прыватнасці, Валянціна Іванаўна агучыла асноўныя паказчыкі, з якімі спрацавалі навучальныя ўстановы ў 2012—2013 вучэбным годзе. Так, у галіне адукацыі раёна выконваюцца амаль усе сацыяльныя стандарты, акрамя аснашчэння камп’ютарнй тэхнікай школ. На сённяшні дзень патрабуецца абнаўленне камп’ютарных класаў у СШ № 1 гарпасёлка, у Германавіцкай і Лужкаўскай сярэдніх школах. У сувязі з рэструктурызацыяй аддзела адукацыі ў аддзел адукацыі, спорту і турызму патрэбна звярнуць асаблівую ўвагу на стан матэрыяльна-тэхнічнай базы спартыўных цэнтраў, клубаў, на методыку правядзення заняткаў у іх. Свой плён прынесла інавацыйная дзейнасць, якая пакрысе ўкараняецца ў школах раёна. Вывучэннем навукі валеалогіі з 2008 года сумесна займаюцца вучні і настаўнікі Лужкаўскай СШ. На базе школы сёлета быў праведзены раённы семінар з удзелам віцебскіх навукоўцаў, якія далі станоўчую адзнаку рабоце ў дадзеным накірунку. З нядаўняга часу некаторыя навучальныя ўстановы далучыліся да праграмы Еўрапейскага Саюза “Зялёная школа”. Яшчэ адным інавацыйным праектам, у рабоце якога прымуць удзел і ўстановы адукацыі нашага раёна, з’яўляецца праект ЕС “Малыя рэкі — вялікія праблемы”. Мэта яго — экалагічная ахова і ўстойлівае развіццё малых рэк, якія адносяцца да басейна ракі Дзісна. У сваёй прамове В. І. Лемяшэўская зрабіла акцэнт на мерапрыемствы, якія праводзяцца ў рамках Дэкрэта № 18, бо яны з’яўляюцца неад’емным складальнікам агульнай работы ў справе навучання і выхавання дзяцей і падлеткаў.

Вялікую цікавасць удзельнікаў выклікала выстава работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якая ў гэтым годзе была прысвечана 510-годдзю Шаркаўшчыны. А пераможцамі названы калектывы Зоркаўскай СШ, Станіславоўскай БШ, ясляў-сада № 5, Германавіцкай СШ, сярэдніх школ № 1 і № 2 гарпасёлка, цэнтра дзяцей і моладзі.
Сваімі думкамі аб рэалізацыі галоўных педагагічных задач падзяліліся дырэктар Радзюкоўскай БШ Мікалай Мікалаевіч Рубацкі, дырэктар Навасельскай пачатковай школы-сада Іна Вячаславаўна Прыстаўка, загадчыца ясляў-сада № 1 Таццяна Антонаўна Собаль, настаўніца хіміі СШ № 1 Ірына Аляксандраўна Кавалёнак і сацыяльны педагог сацыяльна-педагагічнага цэнтра Алеся Уладзіміраўна Грыдзюшка.

Старшыня райвыканкама М. І. Баговіч павіншаваў педагогаў раёна са святам, падкрэсліўшы, што менавіта жнівеньская нарада з’яўляецца кропкай адліку новага навучальнага года. Мікалай Ірынархавіч адзначыў, што творчыя, таленавітыя настаўнікі і вучні ніколі не застануцца без падтрымкі ўлады. Тым больш, што пры фарміраванні бюджэту раёна прыярытэт аддаецца адукацыі.
На ўрачыстасці прысутнічаў намеснік старшыні Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Генадзій Данілавіч Рудзёнак, які азнаёміў прысутных з асноўнымі праблемамі і задачамі ў галіне адукацыі вобласці і краіны, а таксама шляхамі іх вырашэння.

Адным з самых прыемных момантаў урачыстасці стала ўзнагароджванне лепшых педагогаў Шаркаўшчынскага раёна. Граматы, дыпломы, падзякі, каштоўныя падарункі ўручылі М. І. Баговіч, Г. Д. Рудзёнак і В. І. Лемяшэўская.
Сёлета тры маладыя спецыялісты былі размеркаваны ў навучальныя ўстановы раёна. Гэта Марыя Катовіч, Анна Зайцава і Павел Цішаловіч. У час святочнай урачыстасці калектыў Навасельскай пачатковай школы-сада павіншаваў маладых людзей з пачаткам іх прафесійнай дзейнасці, пажадаў поспехаў у няпростай і высакароднай справе. Маладыя настаўнікі накіраваны працаваць у СШ № 2, Велікасельскую СШ-сад і раённы цэнтр дзяцей і моладзі.
Пранікнёныя словы ўдзячнасці прагучалі таксама ў адрас людзей, якія сёлета пайшлі на заслужаны адпачынак. Гэта дырэктар Улінаўскай базавай школы-сада Алена Мікалаеўна Прахаронак, якая адпрацавала на педагагічнай ніве 39 год. Зоя Міхайлаўна Кабак — намеснік дырэктара Велікасельскай СШ-сада, за плячыма якой 33 гады настаўніцкай працы. Ірына Пятроўна Лапацкая — настаўніца нямецкай мовы Улінаўскай базавай школы-сада. Яна прысвяціла школе 41 год жыцця.
Завяршылася мерапрыемства святочным канцэртам, які падрыхтавалі калектывы дзіцячых садоў гарпасёлка, Германавіцкай СШ, Шаркаўшчынскай СШ № 1, Радзюкоўскай БШ, самадзейныя артысты РДК і эстрадны гурт “Праект” Верхнядзвінскага раёна.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.
