Ала Рабіза, жыхарка гарадскога пасёлка, усё сваё жыццё прысвяціла школе. Яна — прыклад вернасці абранай прафесіі, шчырай працы, любові да роднага краю.
Нарадзілася жанчына на Браслаўшчыне. Потым яе бацькі пераехалі ў Шаркаўшчыну, дзе Ала скончыла 8 класаў мясцовай сярэдняй школы. Яшчэ падчас навучання вельмі захапілася маляваннем, чарчэннем, якія выкладаў у той час таленавіты педагог Віктар Крук. Напэўна, гэта і паспрыяла таму, што дзяўчына паступіла ў Аршанскае педагагічнае вучылішча. Па размеркаванні трапіла на сваё першае месца працы ў Шкунцікаўскую васьмігодку, стала тут выкладаць працоўнае навучанне, фізічную культуру, грамадазнаўства.
— У душы цеплілася вялікая прага да далейшай вучобы, — успамінае мая суразмоўца. — Таму і паступіла на завочнае аддзяленне мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута імя Кірава. А з будучым мужам Сяргеем пазнаёмілася ў Шкунціках. Справа ў тым, што ён мясцовы хлопец. У свой час скончыў гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта імя Леніна і перад тэрміновай службай працаваў у роднай школе. Пасля яго дэмабілізацыі мы згулялі вяселле, стварылі сям’ю. Было гэта ў 1981 годзе. Яшчэ непрацяглы час я настаўнічала ў Шкунціках, а муж — у Беладворскай базавай школе. Як перспектыўнага педагога з вышэйшай адукацыяй Сяргея перавялі на працу ў раённы камітэт УЛКСМБ. Таму па сямейных абставінах мы пераехалі ў Шаркаўшчыну, дзе спачатку жылі ў маіх бацькоў, а паралельна ўзводзілі ўласны дом.
У гэты час Ала ўжо працавала ў сярэдняй школе № 1, дзе калісьці вучылася і сама. Дырэктар навучальнай установы Алена Бурчык паспрыяла таму, што і Сяргей працаўладкаваўся сюды на пасаду настаўніка гісторыі. З той пары прайшло шмат часу: у сям’і Рабізаў выраслі і стварылі ўласныя сем’і дочкі Вікторыя і Кацярына, падрастаюць унукі, на шырокую дарогу жыцця таленавітыя педагогі вывелі не адзін дзясятак вучняў.
Пра цікавую падзею падчас нашай сумеснай гутаркі расказала мне мая суразмоўца. На мінулым тыдні ў Віцебску прайшла прэзентацыя друкаванага выдання «Имя тебе — Учитель». Гэта рэспубліканскі праект, дзе вынікам пошукавай працы стала публікацыя дакументальных звестак пра педагагічныя дынастыі ў чатырох пакаленнях і больш. Дынастыя настаўнікаў Паляк—Рабіза—Матуль, як высветлілася, налічвае ажно 240 год. Старэйшым прадстаўніком з’яўляецца дзед Сяргея Рабізы Іпаліт Паляк. Ён у свой час выкладаў у Віцебскім тэхнікуме, у 1930-х гадах быў рэпрэсіраваны і расстраляны. Да другога пакалення належаць цётка Алы Таццяна Крапошына, якая настаўнічала на Браслаўшчыне, а потым вучыла грамаце шаркаўшчынскіх дзяцей, а таксама Зінаіда Рабіза — маці Сяргея. Яна працяглы час настаўнічала ў Шкунцікаўскай базавай школе, потым узначальвала гэту навучальную ўстанову. Сяргей і Ала Рабізы, а таксама яе родны брат Юрый Матуль, былы дырэктар Велікасельскай ДС—СШ, належаць да трэцяга пакалення. Працягвае дынастыю старэйшая дачка Сяргея і Алы Вікторыя. Цяпер яна — загадчык ясляў—сада аграгарадка Калодзішчы Мінскага раёна. Хочацца верыць, што гэта не апошняе звяно ў трывалым ланцужку педагагічнай дынастыі таленавітых шаркаўшчынскіх настаўнікаў. Няхай жа так будзе і надалей!
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.