Правільна размеркаваць свае сілы, працаваць у камандзе і змагацца за рэзультат — менавіта да гэтага з дзяцінства прывучаюць нас на занятках па фізкультуры. Кожны ведае, спорт — гэта сіла, прыгажосць і здароўе. Не абавязкова быць спартсменам, але займацца спортам павінны ўсе. Так лічыць настаўнік фізічнай культуры Германавіцкай сярэдняй школы Пётр Рубніковіч. Стаж у педагога вялікі — амаль 35 гадоў ён праводзіць заняткі ў якасці трэнера дзіцячай юнацкай спартыўнай школы, крыху менш працуе настаўнікам фізкультуры ў Германавіцкай СШ.
Заўсёды энергічны, адкрыты, з выдатным пачуццём гумару, да кожнага вучня Пётр Рубніковіч імкнецца знайсці свой падыход. На яго уроках дзеці ніколі не сумуюць, яны заўсёды занятыя справай: бегаюць, гуляюць у розныя гульні, займаюцца са спартыўным інвентаром. І, як высветлілася, дасягаюць выдатных рэзультатаў у спорце.
— У гэтым годзе ў Германавіцкай школе ўсяго 89 вучняў, прыкладна 10 з іх — выдатныя спартсмены, якія неаднаразова абаранялі гонар школы і свайго аграгарадка і дасягалі пры гэтым значных вышынь, — расказаў Пётр Рубніковіч. — Дарэчы, профільныя віды спорту ў Германавічах — лёгкая атлетыка, валейбол, баскетбол, шашкі і шахматы. Менавіта ў гэтых накірунках юныя спартсмены з Германавіч заўсёды лепшыя, і не толькі ў Шаркаўшчынскім раёне. Напрыклад, Надзея Абрамчык — чэмпіёнка Віцебскай вобласці і сярэбраная прызёрка Рэспублікі Беларусь па скачках у вышыню, а Сяргей Мухамора — пераможца і прызёр абласных спаборніцтваў па спартыўнай хадзе. На рахунку іншых юных спартсменаў з Германавіцкай сярэдняй школы таксама шмат яркіх перамог.
Усімі сваімі выхаванцамі Пётр Рубніковіч вельмі ганарыцца. А яшчэ з усмешкай адзначае, што за гады сваёй педагагічнай дзейнасці выхаваў не адно пакаленне спартсменаў. Некалькі год таму назад вучыў бацькоў, зараз прывівае цікавасць да спорту іх дзецям. Настаўнік фізічнай культуры ўмее настроіць дзяцей на перамогу, тэхналагічна граматна ажыццяўляючы іх падрыхтоўку. Дасягненні яго вучняў — яскравы паказчык яго педдагагічнага майстэрства. Безумоўна, не заўсёды атрымліваецца быць першымі, але гэта сведчыць аб тым, што і іншыя навучальныя ўстановы не стаяць на месцы.
У жыцці герой гэтага матэрыялу, як і ў спорце, імклівы, энергічны, мэтанакіраваны. Разам з жонкай Рытай, якая таксама працуе настаўніцай у Германавіцкай сярэдняй школе, ён выхаваў двух сыноў Артура і Аляксандра, якія працуюць ў сферы эканомікі і фінансаў, але, дзякуючы бацькам, таксама з самага дзяцінства захапляюцца спортам.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.