ААТ «Княж»: дынаміка станоўчага развіцця

Сельское хозяйство

 

Пра такіх людзей, як дырэктар ААТ «Княж» Уладзімір Буда, пісаць лёгка. Чалавек ён з адкрытай душой, паважлівы, з сялянскай мудрасцю, у якім адсутнічае фанабэрыстасць. З іншага боку, за прыроднай сціпласцю хаваецца незвычайны талент сапраўднага гаспадара зямлі.

За шэсць год працы на пасадзе кіраўніка сельгаспрадпрыемства Уладзімір Буда здолеў вывесці гаспадарку з эканамічна адсталай у лік лідараў. Колькасць работнікаў тут невялікая — 107 чалавек. Штат спецыялістаў укамплектаваны цалкам. Хапае і механізатараў, і жывёлаводаў.

Сёлета, нягледзячы на засушлівы год, у «Княжы» змаглі атрымаць 3043 тон зерня, у тым ліку азімай пшаніцы намалочана 1791 тона. Сярэдняя ўраджайнасць склала 25,9 цэнтнера з гектара. Як і ў мінулыя гады найбольшы намалот у камбайнера Віктара Хаданёнка — 948 тон з уликам рапсу.

Для зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы нарыхтавана 567 тон сена, 5068 тон сенажу і 2434 тон сіласу. З кожным годам у гаспадарцы расце пагалоўе буйной рагатай жывёлы. На сённяшні дзень тут налічваецца 2053 галавы, з іх дойнага статку — 632 каровы. Валавы надой малака за восем месяцаў бягучага года склаў 2007 тон. У сярэднім ад адной каровы атрымана 3176 кілаграмаў малака. Рэалізавана гэтага прадукту дзяржаве 1755 тон: гатункам «экстра» — 30%, першым — 67%. Бясспрэчным лідарам сярод аператараў машыннага даення не толькі ў «Княжы», але і ў раёне з’яўляецца даярка МТФ «Германавічы» Ірына Андзілеўка. За 8 месяцаў жанчына, у стадзе якой утрымліваецца 53 каровы, атрымала 230 тон малака. Сярэдні надой ад каровы склаў 4344 кілаграмы.

Прывага БРЖ за студзень—жнівень тут склала 180 тон, а сярэднясутачная трымаецца на ўзроўні 626 грамаў. Дзяржаве рэалізавана 167 тон мяса жывёлы, з якіх 80% — вышэйшай укормленасцю. Сярод аператараў па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы перадавыя пазіцыі займае сямейная пара Аляксандра і Людмілы Абрамчыкаў. Сярэднясутачныя прывагі цялят у іх гурце дасягаюць 800 і вышэй грамаў.

Штогод у сельгаспрадпрыемстве ідзе рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў, гаспадарчым спосабам узводзяцца новыя аб’екты для ўтрымання БРЖ. Сістэматычна ідзе абнаўленне машынна-трактарнага парку: паступаюць корма-, зернеўборачныя камбайны, трактары, прычапныя агрэгаты. У дастатковай колькасці гаспадарка набывае мінеральныя ўгнаенні, унясенне ў глебу якіх адлюстроўваецца на высокіх паказчыках у раслінаводстве.

Пра станоўчыя вынікі ў рабоце гаворыць і заробак працуючых. У сярэднім у «Княжы» за жнівень атрымалі 1367 рублёў. А гэта дастойны паказчык аплаты працаўнікоў вёскі.

На развітанне задаю пытанне, у чым жа сакрэт паспяховай работы Уладзіміра Буды? У адказ пачуў мудрыя словы: «Нельга ўзводзіць сябе ў ранг начальніка, трэба памятаць, што ўсё ствараецца людзьмі. Думаць, у першую чаргу, не пра сябе, а пра іншых».

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.