Цэнтральным камітэтам рэспубліканскага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму праведзена акцыя, падчас якой былі ўзнагароджаны перадавікі сельгасвытворчасці.
Старшыня цэнтральнага камітэта вышэй узгаданага прафсаюза Таццяна Філімонава, якая наведала наш раён, уручыла перадавым работнікам сельгаспрадпрыемстваў — механізатарам і жывёлаводам — падзякі і каштоўныя падарункі.
— Дзякуючы самаадданай працы работнікаў сельскагаспадарчай вытворчасці, ствараецца харчовая бяспека краіны, — адзначыла Таццяна Філімонава. — Сёння надзвычай важна, каб гэтыя людзі адчулі нашу шчырую ўдзячнасць.
Сярод узнагароджаных была і сямейная пара жывёлаводаў ААТ «Княж» Аляксандр і Людміла Абрамчыкі. Муж і жонка даглядаюць маленькіх цялят ад нараджэння да чатырох месяцаў на малочнатаварнай ферме «Германавічы». У іх гурце больш за 200 галоў, а сярэднясутачныя прывагі перавышаюць 700 грамаў. У працоўным спаборніцтве Аляксандр і Людміла займаюць лідзіруючыя пазіцыі сярод жывёлаводаў раёна. За сваю працу сямейная пара неаднаразова прэміравалася кіраўніцтвам і прафкамам гаспадаркі. Чарговую ўзнагароду Абрамчыкі атрымалі і з рук старшыні цэнтральнага камітэта рэспубліканскага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяны Філімонавай.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

