Шматлікія смартфоны і іншыя гаджэты, пры дапамозе якіх мы маем зносіны, сталі неад’емнай часткай нашага жыцця. Але як бы ні змяніўся свет, у ім заўсёды знойдзецца месца паштальёнам. З самага ранку ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 гарадскога пасёлка Шаркаўшчынскага ўчастка Глыбоцкага РВПС Віцебскага філіяла «Белпошта» шматлюдна. Людзі прыходзяць, каб пакласці грошы на тэлефон, аплаціць камунальныя паслугі, атрымаць пенсію, ажыццявіць шэраг іншых паслуг.
Само аддзяленне пасля праведзенай у ім мадэрнізацыі і завяршэння рамонтных работ выглядае абноўленым і ўтульным. Менавіта тут першымі ў раёне паспяхова ўкараняюцца новыя тэхналогіі і паслугі беларускай пошты. А са значным аб’ёмам работ паспяхова спраўляецца невялікі і дружны калектыў супрацоўнікаў.
— Сучаснае аддзяленне паштовай сувязі — гэта цэлы комплекс паслуг насельніцтву, — расказала начальнік участка паштовай сувязі Глыбоцкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Таццяна Шыняўская. — Акрамя паштовых адпраўленняў і пасылак у нас можна аформіць падпіску на перыядычныя выданні, прычым гэту паслугу ажыццяўляюць і самі паштальёны на даму. У аддзяленні прымаюцца плацяжы па сістэме «ЕРЫП», што дазваляе жыхарам раёна адначасова аплаціць усе віды паслуг. Пры абслугоўвані насельніцтва на даму выкарыстоўваецца сэрвіс «мабільны паштальён», расплаціцца можна як наяўнымі грашамі, так і з дапамогай банкаўскай карты. А яшчэ ў абноўленай зале аддзялення, дзе з нядаўняга часу ўсталявана зала самаабслугоўвання, ёсць магчымасць купіць тавары народнага спажывання, як прамысловай, так і харчовай груп. Асартымент заўсёды дастаткова вялікі. Калектыў супрацоўнікаў аддзялення забяспечвае яго зладжаную работу.
Камунікабельныя, уважлівыя, адказныя, з вялікім вопытам работы, заўсёды аператыўна і якасна спраўляюцца з ускладзенымі на іх абавязкамі начальнік аддзялення паштовай сувязі № 1 Марына Лонская і яе намеснік Людміла Пяткевіч (на здымку). А ўвогуле, напярэдадні Сусветнага дня пошты, хачу падзякаваць за выдатную работу ўсім супрацоўнікам нашага участка і асабліва паштальёнам, людзям, якія кожны дзень прыносяць жыхарам раёна свежыя газеты і добрыя навіны. Ад усёй душы жадаю калегам, ветэранам паштовай службы і іх сем’ям моцнага здароўя, аптымізму і дабрабыту, — падвяла вынік нашай размовы Таццяна Шыняўская.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота Сяргея Райчонка.