Не толькі аўтарытэтам, але і любімым чалавекам (разам з маці) для Машы і Вані Протасаў з’яўляецца іх тата Пётр

Общество

Пра тое, як важна для дзяцей мець любячую маці, сказана і напісана шмат. Яе роля цалкам зразумела ўсім і кожнаму. Але не менш патрэбны ўвага і клопат з боку бацькі: падтрымка ў жыцці, у дружбе, у абароне. Пра ролю і значэнне мужчыны ў працэсе выхавання дзіцяці зараз кажуць вельмі многія. Аб гэтым ведае і жыхар вёскі Зорка Пётр Протас — тата сына Вані і дачушкі Машы (на здымку).

У Беларусі 14 кастрычніка, на свята Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы, адзначаюць Дзень маці, а роўна праз сем дзён — Дзень бацькі. Прамежак часу паміж гэтымі датамі называецца рэспубліканскім тыднем бацькоўскай любові.

Бацька адыгрывае важную ролю ў жыцці кожнага і, магчыма, гэты зацверджаны на дзяржаўным узроўні святочны дзень зможа дапамагчы ўмацаванню статусу і аўтарытэту бацькі сярод дзяцей.

Не толькі аўтарытэтам, але і любімым чалавекам (разам з маці) для Машы і Вані Протасаў з’яўляецца іх тата Пётр. Ён для іх яшчэ і надзейны сябар.

Пётр нарадзіўся ў вёсцы Чарамхова, што побач з Зоркай. Пасля навучання ў Германавіцкай СШ скончыў Лужаснянскі аграрны тэхнікум. У пачатку працоўнай дзейнасці з’яўляўся аграномам у адным з сельгаспрадпрыемстваў Браслаўскага раёна. Па сямейных абставінах вярнуўся ў родныя мясціны, дзе быў назначаны на пасаду галоўнага тэхнолага палёў ААТ «Ельня-Агра», на якой працуе да цяперашняга часу.

У 2007 годзе Пётр спаткаў сваю будучую спадарожніцу жыцця. Наталля прыехала ў Зорку па размеркаванні, дзе яе і назначылі аграномам-насенняводам мясцовай гаспадаркі. Так завязалася дружба паміж двума аграномамі, якая перарасла ва ўзаемнае каханне.

— 15 год прайшло з таго часу, як мы звязалі свае лёсы ў адзін, — кажа Пётр. — У сям’і падрастаюць нашы мілыя і любімыя дзеткі. Машанька ходзіць у другі клас Германавіцкай СШ, а Ванечка — у дзіцячы садок. І хоць яны яшчэ маленькія, тым не менш, і мне, і маці ўжо дапамагаюць па гаспадарцы.

Ваня, як будучы сапраўдны гаспадар-мужчына, мае свой уласны цяслярны інструмент, хоць і невялікіх памераў. Сёлета разам з бацькам вучыўся касіць траву. Дарэчы, не трымерам, а як у мінулыя часы, звычайнай сялянскай касой-шасціручкай. Маша разам з мамай гатуе смачныя стравы, вучыцца майстраваць рэчы з тканіны на швейнай машынцы.

Протасы трымаюць вялікую хатнюю гаспадарку: карова, конь, свінні, куры, качкі. Бацьку і маці цяжкавата адным спраўляцца з такой колькасцю жывёлы. Таму Ваня і Маша заўсёды рады дапамагчы сваім бацькам. Сялянская праца ім па душы.

Безумоўна, роля маці ў сям’і вельмі значная, але не трэба забываць, што бацька часцей за ўсё з’яўляецца кармільцам, на яго плячах — клопат аб дабрабыце сям’і. Тата — гэта яшчэ і прыклад для дзяцей, настаўнік у жыццёвых пытаннях.

— Мы вельмі любім свайго татачку і заўсёды дапамагаем яму, любім праводзіць з ім час, — крыху сарамліва прамовіў Ваня.

— Дарагі наш татачка, будзь заўсёды здаровы, няхай ніколі з тваіх вуснаў не сходзіць лагодная ўсмешка, а ў вачах зіхацяць агеньчыкі дабрыні, якой ты нас атуляеш! — выказала сваё пажаданне Маша.

Паважаны Пётр, дарагія Ваня і Маша, няхай вас мінаюць жыццёвыя нягоды, заўсёды свеціць ласкавае сонейка, саграваючы сэрцы і душы цёплымі праменьчыкамі!

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.