Ірына Груніна працуе ў раённым цэнтры рамёстваў з 2007 года. За гэты час яна прымала ўдзел у шматлікіх абласных і рэспубліканскіх конкурсах і выставах, была іх прызёрам і пераможцам.
Абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы праводзіў штогадовы конкурс «Віцебскі сувенір». Шаркаўчанка, якая на пастаяннай аснове прымае ў ім удзел, сёлета атрымала перамогу ў намінацыі «Лепшы сувенір-брэнд».
— На конкурс я прадставіла выраблены з тканіны яблык гатунку «Памяць Сікоры», — кажа Ірына. — Як вядома, ён з’яўляецца брэндам нашага раёна. Ва ўстанове на дадзены момант я вяду жаночы дарослы гурток «Майстэрня цудаў». Двойчы ў тыдзень па чацвяргах і пятніцах мы збіраемся, разам абмяркоўваем план работы, а потым займаемся канструяваннем розных вырабаў. Гэта і вязанне, і вышыванне, і пляценне.
Майстар народных мастацкіх рамёстваў Ірына Груніна шмат год займаецца вырабам беларускіх лялек. Жанчына сканструявала іх не дзясяткі, а нават сотні. Ірына адрадзіла дзісненскі строй, характэрны для нашай мясцовасці. Усе яе лялькі апрануты ў адзенне перыяду канца 19-га — першай паловы 20-га стагоддзяў. Наперадзе ў Ірыны новыя задумкі і планы, якія яна паступова ўвасабляе ў жыццё.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

