Гарачая яблычная пара

Актуальное

ідзе выгрузка яблык у завальную яму

Каля варотаў філіяла“Шаркаўшчынскі КАСЗ ПУП “Полацкая УБ”  — вялікая колькасць машын з яблыкамі. Нарыхтоўшчыкі Шаркаўшчынскага райспажыўтаварыства закупілі садавіну ў насельніцтва і прывезлі яе на пераапрацоўку. Але каб стравы з гэтага смачнага прадукта трапілі да нас на стол, яблыкі павінны прайсці шмат этапаў. Толькі самыя якасныя выкарыстоўваюцца ў далейшым вытворчым працэсе.

Як і заўседы ў лідарах па здачы Шаркаўшчынскае райспажыўтаварыства, але не толькі раённыя нарыхтоўшчыкі пастаўляюць садавіну для пераапрацоўкі, напрыклад, Браслаўскае і Верхнядзвінскае райспажыўтаварыствы таксама ўносяць значны ўклад у нарыхтоўчы працэс.

Завод не спыняе работу круглыя суткі, а людзі працуюць пазменна. Кантроль за якасцю яблыкаў праводзяць вытворчая лабараторыя, а таксама інжынер па якасці Алена Венядзіктаўна Лаўрыновіч і майстар Вера Васільеўна Спірыдонова. Майстар пазначае вагу прычэпа. Пасля выгрузкі яго узважваюць яшчэ раз, але ўжо парожнім, каб вызначыць вагу здадзенай садавіны. Транспарт накіроўваецца да будынка сокавага цэху, дзе яблыкі адпраўляюцца у завальную яму. Па траспарцёру садавіна падаецца на драбілку, а потым пад прэс — для адціскання соку.

Пасля праверкі на наяўнасць сухіх рэчываў, кіслотнасць і цукар — сок праходзіць працэс браджэння, таму што большасць перапрацаваных яблыкаў ідзе на вытворчасць віна. Тут за тэхналагічным працэсам назірае Галіна Мікалаеўна Кандрацьева.

Асноўным напрамкам дзейнасці прадпрыемства з’яўляецца  вытворчасць і рэалізацыя пладовага віна. Таму зараз неабходна забяспечыць завод вытворчым матэрыялам, а менавіта яблыкамі. Праектная магутнасць па вытворчасці пладовых дасягае трыста тысяч дэкалітраў у год. Палітыка завода накіравана на пашырэнне асартыменту выпускаемай прадукцыі, максімальнае задавальненне пажаданняў спажыўцоў, паляпшэнне якасці прадукцыі шляхам прымянення новых тэхналогій.

рабочая сокавага цэха І. І. Хаданёнак

Як паведамілі на прадпрыемстве, закуп яблыкаў будзе праводзіцца і ў верасні. У планах — нарыхтаваць 2 300 тон садавіны. І гэта не праблема, таму што такога ўраджаю ў садах даўно не было: пад цяжарам буйных наліўных яблыкаў ламаюцца галіны дрэў. Аднак небывалы ўраджай не ўсім дастаўляе радасць. Уладальнікі асабістых садоў у разгубленасці: адборныя плады даводзіцца нават выкідваць ў адыходы, каб не засмечваць гнілатой падворак. Перапрацаваць увесь ураджай самастойна вельмі складана. Таму на дапамогу прыходзіць кансервава-агароднінасушыльны завод, які прымае яблыкі ад насельніцтва по цане 500 рублёў за кілаграм, і райспажыўтаварыства, якое таксама актыўна займаецца нарыхтоўкай. Дадатковую інфармацыю па закупе яблык можна атрымаць па тэлефоне 4-18-91.

Дзіяна ЛАЎРЫНОВІЧ,

студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *