У рэдакцыю патэлефанавалі жыхары райцэнтра, чые родныя і блізкія людзі знайшлі вечны спачын на могілках вёскі Грыблы

Общество

Нярэдка ў рэдакцыю раённай газеты жыхары раёна тэлефануюць з просьбамі аб аказанні дапамогі (у межах нашай кампетэнцыі) у навядзенні парадку на могілках. Маўляў, унітарнае камунальнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна, на чыім балансе знаходзяцца пагосты ў гарадскім пасёлку і сельскай мясцовасці, не заўсёды акуратна і своечасова выконваюць абкос могілак, выдаленне на іх кустоўя і аварыйных дрэў. Тады нашы карэспандэнты выязджаюць на месца, каб уласна ўпэўніцца ў праблеме.

Аналагічны выпадак адбыўся не так даўно. У рэдакцыю патэлефанавалі жыхары райцэнтра, чые родныя і блізкія людзі знайшлі вечны спачын на могілках вёскі Грыблы Станіславоўскага сельсавета. Звароты па тэлефоне паступалі таксама з гарадоў і вёсак суседніх раёнаў. Людзі абураюцца тым, што на вясковых могілках спілавалі аварыйныя дрэвы, а справу сваю па іх прыбіранні не давялі да лагічнага завяршэння.

Наш карэспандэнт наведаў дадзеныя могілкі. Сапраўды, праблема мае месца. Дарэчы, дрэвы, а большасць з іх не з’яўляліся аварыйнымі, спілілі работнікі спецыялізаванай арганізацыі, якая займаецца такім відам работ, яшчэ ў ліпені. Трэба сказаць, што свае абавязкі яны выканалі прафесійна, бо ўсе помнікі і агароджы засталіся непашкоджанымі. А калі ж УКП ЖКГ, у рэшце рэшт, знойдзе час і сродкі, каб прыбраць ствалы спіленых дрэў і галлё ад іх? Сярод шматлікіх пахаванняў, тут ёсць і магіла савецкага партызана, які загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны. Але не толькі ў ім справа, бо ўсе спачылыя заслугоўваюць таго, каб на іх магілах былі чысціня і парадак. Многія людзі, чые родныя пахаваныя на могілках, зрабілі гэта самастойна, але вялізныя кучы галін і распіленыя ствалы яшчэ ляжаць на тэрыторыі могілак. Калі камунальнікі не давялі справу да завяршэння па добраўпарадкаванні пагосту ў Грыблах, можа і не трэба было пачынаць гэта рабіць? Рэдакцыя будзе чакаць адказ на дадзены крытычны матэрыял.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.