На жывёлаводаў ААТ «Княж» Аляксандра і Людмілу Абрамчыкаў раўняюцца іншыя

Общество Сельское хозяйство

Шаркаўчанам добра знаёма сям’я Аляксандра і Людмілы Абрамчыкаў з аграгарадка Германавічы, якія працуюць жывёлаводамі ў ААТ «Княж». Пра іх мы неаднаразова паведамлялі на старонках раённай газеты.

— Разам з мужам мы даглядаем цялят ад нараджэння да чатырох месяцаў, — кажа Людміла. — На сённяшні дзень іх у нашым гурце 187. Раніцай займаемся прыбіраннем памяшкання, паеннем і кармленнем жывёлы, сочым за яе станам. Калі заўважаем, што той ці іншы гадаванец не паднімаецца або не есць, то тэрмінова паведамляем пра гэта загадчыку фермы і ветэрынарнаму ўрачу. Вельмі важна, каб маленькія цяляткі заўсёды знаходзіліся ў чысціні і ў цяпле, былі сытыя. Ад гэтага, безумоўна, залежаць іх здароўе, прывага і рост. Увечары ідзём на другое кармленне, а яшчэ і днём прыходзім, каб у паілкі падліць вады. Ферма, на якой мы працуем, размяшчаецца непадалёк ад дома, таму вельмі зручна дабірацца.

Аляксандр і Людміла знаходзяцца на добрым рахунку ў кіраўніцтва гаспадаркі, яны сумленна працуюць, бо ўсведамляюць, што ад вытворчых паказчыкаў залежыць грашовы заробак, а ён, дарэчы, у жывёлаводаў ААТ «Княж» дастойны.

Штомесяц па выніках раённага спаборніцтва па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, якое праводзіць райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, сям’я Абрамчыкаў займае лідзіруючыя пазіцыі. Вось і за мінулы месяц Аляксандр і Людміла змаглі атрымаць са свайго гурта цялят сярэднясутачную прывагу 706 грамаў, уступіўшы толькі жывёлаводу з суседняй гаспадаркі. Пажадаем перадавым работнікам далейшых вытворчых поспехаў і высокіх працоўных дасягненняў!

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.