Уборка лёну

Сельское хозяйство

Адразу за вёскай Таўкіні, што ў ААТ “Буеўшчына”, роўнае, як стол поле, што і трэба па тэхналогіі для вырошчвання лёну. Там расла азімая пшаніца — добры папярэднік. Пасевы атрымаліся чыстымі ад пустазелля, таму нішто не перашкаджала росту культуры.

На полі засталі механізатараў, адзін з якіх успучваў стужкі, якія добра вылежаліся пад жнівеньскімі росамі, а дзве транспартныя адзінкі скручвалі трасту ў рулоны. Больш падрабязна аб вырошчванні гэтай культуры расказаў тэхнолаг палёў Віктар Атрашкевіч.

— Дадзенае поле, дзе цяпер працуе звяно механізатараў, займае 64 гектары, крыху воддаль — 33. Пасеяны быў лён гатунку “блакіт”, а ў аддзяленні Іёды на 73 гектарах — “алізэ”.

Намалацілі 35 тон насення. А магло быць і больш. Ёсць значныя страты пасля абмалоту культуры.

На хвіліну прыпыніў свой трактар механізатар Валерый Саўчанкаў. У счэпе з агрэгатам ПРЛ-150 ён прасуе даўгунец са стужак, разасланых па полю, у рулоны.

— Як толькі прасохне раса, машына працуе бездакорна, а вось сырое — не бярэ, — прызнаўся механізатар.

З такім жа рулоннікам працуе Віктар Шушуноў. Ён больш вопытны льнавод, бо даводзіцца займацца тэхналагічнымі працэсамі і ў час росту культуры.

Зразумела, што фронт работ для Валерыя Саўчанкава і Віктара Шушунова стварае Міхаіл Падоба з успучвальнікам. Праз 1,5—2 гадзіны пасля праходу гэтай тэхнікі можна пускаць рулоннікі.

Гатовую прадукцыю забіраюць аўтамашыны з Пастаўскага льнозавода.

Якіх жа вынікаў дасягнулі тутэйшыя льнаводы? На 16 верасня было здадзена дзяржаве 234 тоны льнотрасты заліковым нумарам 1.35. Варта адзначыць, што адна аўтамашына з ільнотрастой з аддзялення Іёды была залічана нумарам 1,75. Там жа на ўспучванні стужак задзейнічаны Андрэй Посны. Успучана траста на ўсёй плошчы, скручана ў рулоны і падрыхтавана для адпраўкі на льнозавод — на плошчы 120 гектараў. Толькі б было паліва і спрыяла надвор’е, а тутэйшыя льнаводы справяцца з пастаўленай задачай.

Пасля завяршэння работ эканаміст падлічыць эфектыўнасць працы са льном з дапамогай тэхнікі ў параўнанні з ручной. Думаецца, што эканомія будзе значная. І гаспадарка атрымае прыбытак ад гэтай культуры.

Кацярына СОСНА.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *