У суботу, 7 верасня, на футбольным стадыёне каля Шаркаўшчынскай СШ № 1 прайшлі матчы паміж юнацкімі камандамі. Для правядзення таварыскіх сустрэч да юных шаркаўшчынскіх футбалістаў, якія займаюцца футболам у гуртку ў Вячаслава Васільевіча Кабелкі (працуе пры Шаркаўшчынскім цэнтры дзяцей і моладзі), прыехалі глыбачане. Трэба сказаць, што глыбоцкія юныя футбалісты трэніруюцца больш сур’ёзна, на рэгулярнай аснове, таму выглядалі ў гэтых сустрэчах фаварытамі. Але тым і цудоўны спорт, футбол у прыватнасці, што ў ім заўсёды ёсць месца нечаканасцям. Але пра ўсё па парадку.
Спачатку гулялі каманды малодшых узроставых груп (вучні 5-7 класаў). Шаркаўчане згулялі самааддана і перамаглі з лікам 3:1. Два галы ў нас забіў Валянцін Сямёнаў, адзін раз адзначыўся Артур Валяўка, ён жа быў прызнаны лепшым гульцом матча. Гэта пры тым, што Артур вучань 4-га класа і гуляў са старэйшымі. Значыць, у хлопца ёсць баявы спартыўны характар і футбольны талент. Жадаем, яму далейшых поспехаў.
А вось матч паміж старшакласнікамі прайшоў у больш напружанай барацьбе. Спачатку шаркаўчан вывеў наперад Павел Сташкевіч, пасля чаго глыбочане забілі два галы. Але ў другім тайме глыбоцкія футбалісты “падселі” фізічна і Косці Генукову ўдалося зраўняць лік. Лёс гульні вырашалі пасляматчавыя пенальці. У прыгожым скачку нашаму варатару Сяргею Шпяцу ўдалося дастаць мяч, які ляцеў у кут варот. А наступныя свае ўдары, глыбачане, можа, уражаныя майстэрствам Сяргея, прабілі міма варот. А вось удары нашых хлопцаў дасягнулі мэты і прынеслі перамогу.
Сваю ролю ў тым, што ўдалося абыграць моцных сапернікаў, вядома, адыграла падтрымка балельшчыкаў і тое, што гулялі на сваім стадыёне.
— Калі шчыра, не чакаў такога выніку, — гаворыць кіраўнік футбольнага гуртка Вячаслаў Васільевіч Кабелка, які выступае і ў ролі трэнера. — Усё ж па ўзроўні падрыхтоўкі мы адстаем ад сваіх равеснікаў з суседніх раёнаў. Аказваць ім дастойнае супраціўленне і гуляць на роўных можам толькі дзякуючы маральна-валявым якасцям, якіх у нашых хлопцаў хапае.
Глыбачане запрасілі нашых футбалістаў у Глыбокае для правядзення матчаў у адказ. Спадзяемся, што атрымаецца вырашыць арганізацыйныя пытанні і паездка адбудзецца. Бо толькі ў гульнях з моцнымі сапернікамі набываецца каштоўны вопыт і павышаецца майстэрства.
Андрэй БУРЭЦ, фота Марыны ЖАКАЎКА.
