Малады спецыяліст ААТ «Даватарскі» Аляксандр Жынгель працуе на карысць гаспадаркі

Сельское хозяйство

Як паведамілі ў аддзеле кадраў упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, сёлета ў сельгаспрадпрыемствы раёна на сваё першае працоўнае месца прыйшлі дзесяць маладых спецыялістаў. У мінулым годзе было чатыры. Сярод іх — выпускнік Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта Аляксандр Жынгель.

Нарадзіўся Аляксандр у Шаркаўшчыне. З дзяцінства яго вабіла тэхніка, шмат часу праводзіў з бацькам каля машын. Напэўна, таму, калі закончыў школу вырашыў звязаць свой далейшы лёс з тэхнічнай прафесіяй. Аляксандр па мэтавым накіраванні пасля заканчэння БАТУ прыйшоў на сваё першае працоўнае месца ў ААТ «Даватарскі» ў сакавіку мінулага года, дзе і быў прызначаны на пасаду майстра па будаўніцтве. У абавязкі маладога спецыяліста ўваходзіць будаўніцтва новых, рэканструкцыя старых аб’ектаў. Так, брыгада будаўнікоў, якую узначальвае Аляксандр, займаецца дэмантажом пустуючых жылых дамоў, вытворчых памяшканняў. Нядаўна імі быў заменены дах на адным з жывёлагадоўчых памяшканняў малочнатаварнай фермы «Пялікі». Восенню пачалі работы па будаўніцтве сянажнай траншэі на дадзенай МТФ. У цяперашні час вядуцца работы па нарыхтоўцы дзелавой драўніны і вырабе з яе піламатэрыялаў.

Дома Аляксандра заўсёды чакае яго надзейны тыл — жонка Аліна, якая займаецца выхаваннем дачушкі Мілісы. Дарэчы, малады мужчына без адрыву ад вытворчасці займаецца ў ВНУ, каб у будучым, атрымаўшы другую вышэйшую адукацыю, прыносіць карысць гаспадарцы, дзе ён паспяхова працуе.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.