На пажарным аварыйна-выратавальным посце № 12 вёскі Варонка нясе службу вадзіцель Павел Дзямідка

Общество

Прафесія «выратавальнік-пажарны» — старажытная, і па-свойму не падобная на ўсе іншыя. Гэтыя людзі без боязі ідуць і ў агонь, і ў ваду на дапамогу іншым, а іх саміх засцерагае сучасная экіпіроўка — воданепранікальная і вогнетрывалая.

19 студзеня 1999 года Прэзідэнт нашай краіны зацвердзіў Палажэнне аб Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якім на МНС былі ўскладзены функцыі дзяржаўнага ўпраўлення ў сферы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і забеспячэння пажарнай бяспекі, — расказаў начальнік Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Пальчэх. — Ва ўсіх накірунках наша Міністэрства за гэты час зрабіла вялікі прарыў, гэта тычыцца падрыхтоўкі асабовага складу, удасканальвання тэхнікі і ўзбраення і, безумоўна, да прафілактычнай работы з насельніцтвам. Мы знаходзімся у пастаянным дыялогу з грамадзянамі. Распрацавана шмат нагляднай агітацыі, фота- і відэафільмаў. Калі дваццаць год назад на нашым узбраенні былі толькі аўтацыстэрны на базе аўтамашын ЗіЛ-130 і ЗіЛ-131 умяшчальнасцю па 2,5 тоны вады, то цяпер у наяўнасці сучасныя аўтамабілі МАЗ умяшчальнасцю 10 тон. Для ліквідацыі стыхійных бедстваў рознага характару, выратавання чалавечых жыццяў мы маем сучаснае спецыяльнае абсталяванне. Змяніліся ў лепшы бок і ўмовы, у якіх нясуць кругласутачную службу нашы супрацоўнікі. Ёсць кухня для прыгатавання і прыёму страў, санітарны вузел, гарачае водазабеспячэнне, пакоі для адпачынку і многае іншае.

З кожным годам на змену старэйшым супрацоўнікам прыходзіць моладзь пасля службы ў войску, навучання ва ўніверсітэце грамадзянскай абароны, у Полацкім хіміка-тэхналагічным каледжы. У мінулым годзе на службу заступілі чатыры выратвальнікі-пажарныя і адзін вадзіцель.

За 2023 год шаркаўшчынскімі выратавальнікамі было ліквідавана 11 пажараў, выратавана 6 пабудоў і матэрыяльных каштоўнасцей на суму 15 тысяч рублёў.

На пажарным аварыйна-выратавальным посце № 12 вёскі Варонка адзінаццаць год нясе службу вадзіцель Павел Дзямідка (на здымку). Мужчына бездакорна выконвае свае абавязкі, а кіраўніцтва райаддзела па надзвычайных сітуацыях заўсёды ставіць яго ў прыклад іншым супрацоўнікам. Акрамя асноўнай службы Павел яшчэ працуе механізатарам у ААТ «Буеўшчына», дапамагае вяскоўцам. Пра гэта неаднаразова мы расказвалі чатачам нашай газеты ў сваіх публікацыях. Дарэчы, сёння Павел Дзямідка адзначае свой дзень нараджэння, які ён сустрэў на баявым посце.

— У дзень прафесійнага свята хочацца выказаць словы вялікай удзячнасці за сумленнае выкананне сваіх абавязкаў шаркаўшчынскім выратавальнікам-пажарным — тым, хто днём і ноччу, у летнюю спёку і ў халоднае зімовае надвор’е спяшаецца на дапамогу людзям, якія трапілі ў бяду і чакаюць нашай дапамогі, — працягвае Іван Пальчэх. — Віншую ветэранаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях і ўсіх супрацоўнікаў з прафесійным святам! Зычу здароўя, асабістага шчасця, поспехаў у жыцці і, як прынята казаць у нашай прафесіі, «сухіх рукавоў»!

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.