Народны абрад «Жаніцьба Цярэшкі» адбыўся ў Радзюкоўскім СДК

Общество

На поўначы Беларусі з даўніх часоў захавалася калядная гульня «Жаніцьба Цярэшкі». У Радзюкоўскім сельскім Доме культуры, на базе якога шмат год дзейнічае народны калектыў нацыянальнай кухні і фальклору «Груца», таксама праводзіцца гэты абрад.

У адзін са студзеньскіх вечароў у клубнай установе сабраліся ўдзельнікі народнага калектыву, каб прадэманстраваць у чарговы раз мясцовай публіцы і гасцям з Шаркаўшчыны, як нашы продкі праводзілі «Жаніцьбу Цярэшкі». Сутнасць гэтага абраду заключаецца ў магчымасці моладзі праявіць прыхільнасць адно да аднаго, знайсці сабе пару. Магчыма, раней гульня мела больш сур’ёзны характар і была своеасаблівай рэпетыцыяй сапраўдных вяселляў. «Цярэшка» — гэта такі продак, які дапамагаў парам жаніцца, з’яўляўся сімвалам кахання і сям’і. Наогул, кожны нежанаты хлопец адчуваў сябе Цярэшкай.

Пачалося ўсё з карагода, якія госці вадзілі вакол каляднай ёлкі. Гаспадары, бацька і маці, жартамі і вясёлымі заклікамі стараліся падштурхнуць да гульні як мага больш удзельнікаў. Іх роля была ў тым, каб зрабіць атмасферу максімальна пазітыўнай, пераканаць удзельнікаў адкінуць страх і комплексы.

Моладзь, юнакі і дзяўчаты, загадзя падабраліся і стварылі тры пары. Па чарзе яны падыходзілі да бацькоў і прасілі блаславення на шлюб, стоячы на кажуху. Гэтым самым ім нібы надаваўся новы сацыяльны статус жанатых людзей.

Усе этапы гульні суправаджаліся песнямі-цярэшкамі пад баян, на якім іграла Ганна Ермакова. А закончыўся абрад агульным частаваннем, жартамі, песнямі і скокамі.

— Разыходзілася моладзь позна, за поўнач. Калі дзяўчыне было далёка вяртацца дадому, яе абраннік абавязаны быў правесці маладую, — тлумачыць кіраўнік народнага калектыву «Груца» Эма Хрол. — Нярэдка пары, якія ўтварыліся падчас абрадавай гульні, спраўлялі сапраўднае вяселле, жылі доўга і шчасліва.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.