Споўнілася 80 год з дня страшнай трагедыі ў вёсцы Ала Светлагорскага раёна Гомельшчыны

Молодежь Общество

Гісторыю, падобную да Хатыні, маюць многія населеныя пункты нашай краіны. Пра адзін з іх, вёску Ала Гомельскай вобласці, ішла гаворка падчас урока, які адбыўся ў сярэдняй школе № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Кудрына.

— Армія нацысцкай Германіі знішчала мірнае насельніцтва любымі спосабамі: дазвалялася адбіраць харчаванне і хатнюю скаціну, застаўляць шмат і непасільна працаваць, марыць голадам і холадам, распаўсюджваць эпідэміі, растрэльваць, вешаць, спальваць, — расказаў вучням настаўнік гісторыі Міхаіл Пугаўка. — Сучаснаму падлетку цяжка ўявіць, што такія бесчалавечныя адносіны да народа ўвогуле маглі існаваць. Пасля нападу нямецка-фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз у няволі апынуліся больш за 7 мільёнаў беларусаў. З таго часу і пачалася жорсткая барацьба савецкага народа за свабоду, за жыццё і незалежнасць.

14 студзеня споўнілася 80 год з дня страшнай трагедыі ў вёсцы Ала Светлагорскага раёна Гомельшчыны. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў гэтым населеным пункце налічваліся 34 двары і 168 жыхароў. Зімой 1943—1944 гадоў вёска апынулася ў прыфрантавой зоне. Паколькі яна знаходзілася ў глухой мясцовасці, тут хаваліся ўцекачы з суседніх вёсак. Па словах відавочцаў Ала ў тую зіму была перапоўнена, у кожным доме жыло па 30—40 чалавек. Людзі туліліся ў гаспадарчых пабудовах, склепах, лазнях, зямлянках.

У 6 гадзін раніцы 14 студзеня 1944 года вёску акружыў нямецкі карны атрад. Людзей пагналі ў вялікі калгасны хлеў, выратавацца ўдалося нямногім.

Да вызвалення вёскі Чырвонай Арміяй жыхары Алы не дажылі ўсяго два тыдні. У пачатку 1945 года надзвычайная камісія зрабіла падлік загінуўшых: 1758 чалавек, з іх 950 дзяцей, 508 жанчын, 100 мужчын, 200 старых. Пасля Вялікай Айчыннай вайны вёска не адрадзілася. У 1958 годзе на брацкай магіле, у якой пахаваны мірныя жыхары і савецкія воіны, усталяваны помнік — скульптура салдата з вянком. Усяго ў магіле пахаваны 2253 чалавекі. У 2020 годзе на месцы знішчанай вёскі быў створаны мемарыяльны комплекс «Ала».

— Генацыд — адно з самых жахлівых злачынстваў супраць чалавецтва, — падкрэсліў пракурор Шаркаўшчынскага раёна Максім Лаўданскі, які таксама прыняў удзел у мерапрыемстве. — Аб гэтай страшнай старонцы нашай гісторыі нельга забываць. Менавіта таму да цяперашняга часу працягваецца расследванне ўсіх фактаў знішчэння беларускага народа. Пошукі вінаватых у смерці людзей пачаліся яшчэ ў гады вайны, і зараз яны працягваюцца. Тэрміну даўнасці ў такіх злачынстваў не існуе.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.