Чарговы юбілей адзначыў жыхар вескі Гуркі Аляксандр Пронька

Общество

У Гурках жыве чалавек, улюбёны ў сваю малую радзіму, свой край — Аляксандр Пронька. Ветэран працы сустрэў юбілейны дзень нараджэння.

Герой нашага аповеду нарадзіўся паблізу Гурак, на хутары Ліпава. Змалку быў прывучаны да працы на зямлі. Але, як і ўсе хлопцы, асабліва захапляўся тэхнікай. Перад тэрміновай службай у арміі Аляксандр паспеў папрацаваць трактарыстам у Германавіцкай МТС. Механізатарскія навыкі маладому салдату спатрэбіліся ў арміі: там ён быў танкістам-механікам. Пасля дэмабілізацыі вырашыў паехаць на далёкі Данбас, каб падзарабіць грошай на вугальных шахтах. Але родныя мясціны, якія сніліся Аляксандру па начах, нібы магнітам звалі да сябе. Вярнуўшыся дадому, уладкаваўся ў сістэму меліярацыі, якая ў той час набірала абароты ва ўсёй краіне. Скончыў курсы экскаватаршчыкаў і стаў займацца асушэннем зямель. У 1961 годзе з мясцовай прыгажуняй Зояй згулялі вяселле, пабудавалі ўласны дом, сталі пакрысе абзаводзіцца хатняй гаспадаркай. Нарадзілі і выхавалі сына Аляксандра і дачку Алену.

Большая частка працоўнага жыцця юбіляра была аддадзена былому калгасу «Маяк», дзе ён быў і трактарыстам, і экскаватаршчыкам, і звеннявым. Але дзе б не прыйшлося шчыраваць Аляксандру Проньку, ён заўсёды быў у ліку перадавікоў, вынікі і якасць яго працы заўсёды ставіліся ў прыклад маладому пакаленню, адзначаліся з боку кіраўніцтва калгаса.

І цяпер дзевяностагадовы юбіляр не сядзіць без справы. Разам са спадарожніцай жыцця трымае невялікую хатнюю гаспадарку, апрацоўвае зямельны надзел, ёсць у сямейнай пары і ўласная пчолапасека.

Павіншаваць Аляксандра Проньку з адметнай датай у жыцці завіталі намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Юрый Васілеўскі, старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Міхалёнак і старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Агратэхсэрвіс» Яся Краснікава. Намеснік кіраўніка раёна ўручыў юбіляру Падзяку старшыні райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у станаўленне і развіццё сельскагаспадарчай галіны Шаркаўшчынскага раёна. Прысутныя госці таксама далучыліся да віншаванняў і пажадалі імянінніку моцнага здароўя, доўгіх і шчаслівых год жыцця.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.