Удзельнік ваенных дзеянняў у Афганістане Васілій Протас падзяліўся успамінамі пра гады сваёй службы

Общество Патрыятычнае выхаванне

 

Вогненнымі дарогамі Афганістана прайшлі 30 тысяч беларусаў, у тым ліку і больш 60 шаркаўчан. Многія вярнуліся з баявымі ўзнагародамі. Сярод іх воін-інтэрнацыяналіст, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Васілій Протас.

15 лютага спаўняецца 35 год з дня вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войск з Афганістана. Задачы па недапушчэнні нападу на паўднёвыя рубяжы СССР і аказанні дапамогі ўраду ДРА ў барацьбе з незаконнымі бандфарміраваннямі былі выкананы. Воіны-інтэрнацыяналісты вярталіся на Радзіму…

15 лютага 1989 года камандуючы 40-й арміяй генерал-лейтэнант Барыс Громаў апошнім перасёк мяжу, якая раздзяляла СССР і Афганістан. Праз афганскую вайну прайшлі 620 тысяч савецкіх ваеннаслужачых, 21 тысяча цывільных асоб, 95 тысяч прадстаўнікоў КДБ, унутраных войск і міліцыі. Загінулі, памёрлі ад ран звыш 15 тысяч грамадзян Савецкага Саюза.

Скажыце, калі ласка, што асабіста для вас значыць Афганістан?

— Для мяне гэта не проста краіна, контуры якой я вызначаў на палітычнай карце на ўроках геаграфіі будучы школьнікам. Афганістан — перыяд у маім жыцці, які застаўся назаўжды ў памяці, у душы. Без перабольшвання, гэта незагойная рана на сэрцы. Нельга забыць той цяжар вайны, які мы, воіны-інтэрнацыяналісты, зведалі там: боль, адчай, горыч страт сяброў-саслужыўцаў.

А як вы трапілі ў гэту паўднёвую краіну?

— 26 верасня 1983 года мне, васямнаццацігадоваму юнаку, як і іншым хлопцам прызыўнога ўзросту, прыйшла павестка з райваенкамата аб прызыве на тэрміновую службу. Адразу трапіў у Мар’іну Горку, дзе з іншымі юнакамі праходзіў курс маладога байца. Затым на цягніку нас адправілі ў Казахстан. Тут многія зразумелі, што, магчыма, трапім на афганскую зямлю. Інтуіцыя не падвяла, бо пасля двух з паловай месяцаў фізічных трэніровак, навучання рукапашнаму бою, стральбе з усіх відаў зброі вайсковае камандаванне паведаміла — нас накіроўваюць у Дэмакратычную Рэспубліку Афганістан.

Што адчувалі, калі ступілі на чужую зямлю?

— Як і іншыя салдаты, я не ведаў, што нас чакае на чужыне, што будзе заўтра, паслязаўтра, колькі часу мы тут прабудзем. Яшчэ ў казахстанскім каранціне юнакоў, якія мелі вадзіцельскія пасведчанні, рыхтавалі для службы на легкавых (штабных) і грузавых (баявых) аўтамабілях. Я быў у групе, дзе абучалі навыкам язды на ГАЗ-66. Прабыўшы два дні ў Кабуле, я трапіў у горад Баграм у асобны разведвальны батальён. Жылі ў палатках па 20—25 чалавек у кожнай. У першы ж дзень выдалі баявую зброю.

Як здарылася першая сутычка з душманамі?

— Было гэта 2 студзеня 1984-га. Па баявой трывозе нас паднялі ноччу. Удзельнікі бандфарміравання пачалі абстрэл транспарту на дарозе, якая вяла ў Кабул праз перавал Саланг. Гэта была галоўная транспартная артэрыя для пастаўкі савецкім войскам узбраення, тэхнікі і харчавання. У перастрэлцы мы змаглі адбіць ворага і захапіць у палон двух параненых душманаў. Вось тады ўпершыню я і ўбачыў, як страляюць у чалавека.

Як нам вядома, вы правялі ў Афганістане амаль два гады. Якія заданні яшчэ даводзілася выконваць?

— Першыя паўгода з’яўляўся разведчыкам. Затым мне даручылі бронетранспарцёр БТР-70, на якім я служыў да звальнення ў запас. Асноўнай задачай была ахова перавалаў. Наогул, на сваім бронетранспарцёры я аб’ездзіў амаль усю тэрыторыю рэспублікі, часта трапляючы пад варожы абстрэл.

Ці часта прыходзілі з дому весткі?

— Безумоўна, з бацькамі я перапісваўся. Але з-за ваеннай цэнзуры нам нельга было паведамляць, што тут ідзе вайна. Тата з мамай у сваіх лістах пісалі, як мілагучна спяваюць над ракой салаўі, якім духмяным водарам вее ад квецені майскіх садоў. Ад гэтага моцна сціскала ў грудзях, настальгічна балела сэрца. А на чужыне перад намі ўзвышаліся бясконцыя горы, распасціраліся жоўтыя пяскі. І такі малюнак перад вачамі быў на працягу доўгіх дваццаці трох месяцаў.

Вяртанне на радзіму, сустрэча з роднымі і сябрамі былі незабыўнымі, так?

— Канечне. Ехаў цягніком спачатку з Ашхабада да Масквы, потым у Мінск, а са сталіцы БССР — у Шаркаўшчыну. На парозе дома сустрэлі бацькі. У гарачых абдымках таты і мамы з вачэй міжволі пацяклі слёзы радасці. У снах і цяпер чую ваенную трывогу, бачу твары баявых таварышаў, якія назаўсёды засталіся на афганскай зямлі.

Цяпер, калі ў раёне не засталося ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, менавіта ад воінаў-інтэрнацыяналістаў у вялікай ступені залежыць патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Якая работа вашым грамадскім аб’яднаннем праводзіцца ў дадзеным накірунку?

— Воіны-інтэрнацыяналісты, і я ў тым ліку, заўсёды з ахвотай прымаем запрашэнні да ўдзелу ў сустрэчах з вучнямі школ, з наведвальнікамі бібліятэк, дамоў культуры. Самі таксама з’яўляемся ініцыятарамі правядзення падобных мерапрыемстваў. Дзеці, юнакі абавязкова павінны ведаць праўдзівыя звесткі пра тую вайну.

У 2011 годзе па ініцыятыве нашай арганізацыі і пры падтрымцы мясцовай улады быў усталяваны помнік воінам-афганцам у скверы ДРБУ-131. З цягам часу побач устанавілі  баявую машыну дэсанту (БМД) і баявую машыну пехоты (БМП). У мінулым годзе ў межах падрыхтоўкі Шаркаўшчыны да свята-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023» сквер быў рэканструяваны, пашырана пляцоўка для правядзення памятных мерапрыемстваў. З дапамогай кіраўніка ўнітарнага прадпрыемства па здабычы торфу «БрызантРэсурсы» Андрэя Лебедзева быў набыты і ўсталяваны бронетранспарцёр (БТР-60). Разам з воінамі-афганцамі агульнымі намаганнямі мы прыдалі былой ваеннай тэхніцы належны выгляд. Гэта было не проста правядзенне добраўпарадкавання тэрыторыі, а важная і патрэбная работа, накіраваная на патрыятычнае выхаванне моладзі.

Якімі будуць вашы пажаданні воінам-афганцам і іншым шаркаўчанам, што неслі нялёгкую службу ў «гарачых кропках»?

— Пажадаць, канечне ж, хачу здароўя, дабрабыту і ладу ў сем’ях, шчаслівай долі нашым дзецям і ўнукам. Каб сучасная моладзь і наступныя пакаленні ніколі не ведалі вайны, жылі пад мірным небам. Хочацца верыць, што наша афганскае брацтва, сяброўскія адносіны былых воінаў-інтэрнацыяналістаў застануцца непахіснымі на ўсе будучыя гады.

Вялікі дзякуй за цікавую размову!

Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.