У Шаркаўшчыне у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў ушанавалі памяць загінуўшых

Главное Патрыятычнае выхаванне

Халодны снежань 1979-га… Па радыё і тэлебачанні перадаюць паведамленні, што па просьбе Урада Афганістана на яго тэрыторыю для абароны парадку і дэмакратыі ўводзіцца абмежаваны кантынгент савецкіх войск. Так пачалася ваенная акцыя, якая і цяпер адгукаецца болем у сэрцы.

15 лютага, у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, у скверы ДРБУ-131 сабраліся былыя афганцы, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, настаўнікі і вучні школ, каб аддаць даніну павагі тым, хто загінуў на чужыне і тым воінам, якія сёння жывуць побач з намі.

— Паважаныя воіны-інтэрнацыяналісты, усе прысутныя, 35 год назад, 15 лютага 1989 года быў завершаны вывад савецкіх войск з Афганістана, — прамовіў старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака. — Памяць аб гэтай вайне не сціраюць ні гады, ні адлегласць. Гісторыя напісана крывёй савецкіх салдат і слязьмі іх бацькоў. Ваеннаслужачыя, сярод якіх былі і шаркаўчане, з гонарам выканалі свой інтэрнацыянальны доўг.

Выказваю вам словы ўдзячнасці за мужнасць, вернасць Айчыне, непахіснае салдацкае брацтва. Дзякуй вам за ўклад у развіццё Шаркаўшчынскага раёна, за ўдзел у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Вы дастойна прадаўжаеце слаўныя традыцыі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Ад усяго сэрца жадаю вам здароўя, сямейнага дабрабыту, міру вам і вашым блізкім!

— Дарагія сябры, госці і ўдзельнікі ўрачыстасці, ад імя нашай арганізацыі прыміце самыя шчырыя віншаванні з нагоды 35-й гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана, — сказаў старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Васілій Протас. — Мы, воіны-інтэрнацыяналісты, якія перажылі цяжар той вайны і бачылі смерць сваіх таварышаў, ведаем, што такое ваеннае брацтва і ўзаемадапамога. Мы ўсе з’яўляемся сведкамі тых жудасных часоў, абпаленых вайной на чужыне. Жадаю вам моцнага здароўя, шчасця, поспехаў у працы і ў асабістым жыцці!

Памяць жыве ў сэрцах, у вершах, у мемарыяльных плітах… Букеты жывых кветак ляглі да помніка «Чорны цюльпан». Прысутныя пад гук метранома хвілінай маўчання ўшанавалі светлую памяць загінуўшых салдат у той жудаснай, кровапралітнай вайне.

Працягам памятнага мерапрыемства стаў тэматычны канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці, які прайшоў у раённым Цэнтры культуры.

Сучаснае пакаленне не павінна забываць трагедыю афганскай вайны. Усе мы абавязаны памятаць імёны тых, хто выканаў свой воінскі абавязак, рызыкаваў жыццём дзеля вялікай мэты — захавання міру на зямлі!

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.