Учора ў Шаркаўшчыне прайшлі ўрачыстасці, прымеркаваныя да 35-гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана. А напярэдадні ў дзіцячай бібліятэцы адбылася сустрэча вучняў школ, шаркаўшчынскіх воінаў-інтэрнацыяналістаў са старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Ветэраны дэсантных войск і сіл спецыяльных аперацый» Вячаславам Белавусам.
Гэты чалавек — прыклад сапраўднага мужчыны, абаронцы Айчыны. Яшчэ ў далёкім дзяцінстве Вячаслаў марыў стаць ваенным, воінам-дэсантнікам. Яго вабіла сінь неба, форма, скачкі з парашутам. У афіцэраў Полацкага ваенкамата юнак настойліва прасіў, каб яго адправілі на тэрміновую службу менавіта ў паветрана-дэсантныя войскі. Мара ажыццявілася — пачаў служыць у вучэбнай часці ў Літве, а потым вайсковае камандаванне перавяло яго ў сталіцу расійскіх дэсантнікаў — горад Разань. Тут Вячаслаў нёс службу са сваім сябрам, заснавальнікам групы «Голубые береты» Сяргеем Яравым. Разам яны адправіліся ў студзені 1986 года ў Афганістан. Гарады Кабул, Кандагар, Газні, Гардэз і іншыя гарачыя кропкі, сутыкненні з афганскімі генераламі і іх салдатамі, смерць сяброў. Усё гэта давялося зведаць за тры гады службы ў Афганістане Вячаславу Белавусу. Мост Дружбы, які раздзяляў СССР і гэту паўднёвую краіну, наш зямляк перасёк адным з апошніх савецкіх ваенных — 12 лютага 1989 года.
Калі вырашыў звольніцца ў запас, стаў настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе пасёлка Руба Віцебскага раёна. Справа ў тым, што калі Вячаслаў праходзіў звыштэрміновую службу ў Разані, завочна атрымаў вышэйшую адукацыю ў мясцовым педінстытуце імя Сяргея Ясеніна. У цяперашні час воін-інтэрнацыяналіст жыве і працуе ў Віцебску.
Пра часы нялёгкай службы ў Афганістане Вячаслаў расказваў доўга і захапляльна. У гэтай паўднёвай краіне ён не проста ваяваў, выконваў свой воінскі абавязак, але яшчэ і рабіў фотаздымкі, якіх у асабістым архіве налічваецца паўтары тысячы. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і «За службу Радзіме ва Ўзброеных Сілах СССР» ІІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі» і іншымі. На сустрэчы прысутнічалі шаркаўшчынскія воіны-афганцы. Пасля мерапрыемства баявыя таварышы мелі магчымасць пагутарыць, успомніць гады службы, калі маладымі юнакамі з аўтаматамі ў руках абаранялі паўднёвыя рубяжы Савецкага Саюза.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.