
Калі любімы занятак становіцца яшчэ і сродкам заробку — гэта сапраўды вялікае шчасце. Так і сталася для Алены Юр’еўны Зорынай. У нашым гарпасёлку ўсе добра ведаюць яе магазін з ласкавай назвай “Сонейка”. Вось ужо на працягу дзевяці гадоў гэты маленькі магазін забеспечвае свежымі і прыгожымі кветкамі жыхароў Шаркаўшчыны.
— А пачыналася ўсё з любові да кветак, — успамінае Алена Юр’еўна, — мяне заўсёды вабіла іх прыгажосць, якая здольная ўзняць настрой, парадаваць. Пазней з’явілася жаданне дарыць гэту прыгажосць і ўсім астатнім. Назву для магазіна доўга прыдумваць не прыйшлося, бо менавіта дзякуючы сонцу мы і маем такія цудоўныя кветкі.
Любы чалавек незалежна ад узросту і полу не можа заставацца абыякавым да кветак. Часам зусім не важна, букет якіх кветак дораць чалавеку: герберы ці простыя фіялкі, шыкоўныя ружы ці сціплыя лілеі, бо галоўнае — увага. І пакуль падараваны букет стаіць у вазе — у доме пануе святочная атмасфера, а ў душа адчуваецца прыгажосць.
Як вядома, да выбару кветак людзі адносяцца вельмі адказна і часцей за ўсе ім патрэбна парада прафесіянала, які дапаможа зрабіць падарунак арыгінальным і прыемным. Калі не хапае слоў, кветкі дапамогуць выказаць пачуцці, прызнацца ў каханні ці проста ў добрым стаўленні да чалавека. Таму ў магазіне “Сонейка” часта можна пабачыць вялікую чаргу людзей, якія прыйшлі сюды, каб набыць прыгожы падарунак дарагім для іх людзям. Вялікі асартымент кветак, а таксама сувеніраў разам з ветлівай усмешкай Алены Юр’еўны прынясе толькі прыемныя адчуванні пры выбары падарунка.
На працягу ўсяго жыццёвага шляху кветкі суправаджаюць нас і ў смутку, і ў радасці ўпрыгожваюць наша жыццё. А жыццё Алены Юр’еўны Зорынай упрыгожваюць яшчэ і двое цудоўных дзяцей: сын Уладзіслаў і дачка Елізавета, якія для яе, як і для кожнай маці, галоўныя “кветачкі”.
Напрыканцы хочацца падзякаваць Алене Юр’еўне за тое, што яе “Сонейка” даруе пазітыўныя эмоцыі і прыгажосць жыхарам Шаркаўшчыны, а таксама пажадаць ёй поспехаў, цудоўнага настрою і бясконцага аптымізму.
Дзіяна ЛАЎРЫНОВІЧ,
студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.