На святочным мерапрыемстве ў РДК, якое адбылося з нагоды Дня работнікаў культуры, панавала ўзнёслая, творчая атмасфера. Увазе гледачоў былі прадстаўлены музычныя, танцавальныя нумары, невялікія інсцэніроўкі, выкананыя, як заўсёды, з душой і па-майстэрску.
Штодзённая праца творчых работнікаў не засталася незаўважанай. За актыўны ўдзел у раённых святах, абласных мерапрыемствах, многія атрымалі ўзнагароды. Намеснік старшыні райвыканкама А. Д. Далецкі адзначыў падзякамі старшыні райвыканкама Вольгу Лук’янёнак — бібліятэкара дзіцячай бібліятэкі, Вікторыю Дубоўскую — дырэктара Цэнтра рамёстваў, Аксану Сініца — дырэктара раённага метадычнага Цэнтра.
Словы падзякі работнікам культуры выказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л. У. Стома. За добрасумленную працу, высокую якасць работы і ў сувязі са святкаваннем Дня работнікаў культуры Ганаровымі граматамі аддзела ўзнагароджаны работнікі бухгалтэрыі Людміла Катовіч і Ірына Кожух, за творчыя дасягненні, актыўны ўдзел у раённых і абласных мерапрыемствах узнагароду атрымалі Людміла Сомава — малодшы навуковы супрацоўнік Цэнтра рамёстваў, за творчыя дасягненні, актыўны ўдзел у мерапрыемствах раёна Ала Міхайлава — выкладчыца школы мастацтваў, за шматгадовую добрасумленную працу Паліна Чарняўская — загадчыца аддзела камплектавання і апрацоўкі, за творчую работу з клубам “Жаночы час” Вера Мілянцей — метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу, за актыўны ўдзел у абласных і раённых мерапрыемствах (захаванне традыцый стараверскай кухні) Людміла Ананіч — загадчыца Кубелеўшчынскага сельскага клуба, за развіццё фальклору, захаванне абрадаў і традыцый Алёна Сухаверская — метадыст па фальклору РМЦ, за шматгадовую, добрасумленную працу Віктар Сікора — навуковы супрацоўнік музея імя І. П. Сікоры, за правядзенне раённых мерапрыемстваў, арганізацыю вольнага часу для шаркаўчан — калектыў раённага Дома культуры, а для жыхароў Германавіч — Германавіцкі ЦКіНТ.
У раёне шэсць калектываў, якія па праву носяць званне “народны”. Кіраўнікі гэтых аб’яднанняў узнагароджаны Дыпломамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Культура — не лад жыцця, а стан душы. Пацвярджэннем таму стала выступленне драматычнага калектыву “Класік” Радзюкоўскага Дома культуры са спектаклем па пастаноўцы Андрэя Курэйчыка “Асцярожна, жанчыны!”
Гледачы азнаёміліся з тэлевізійным творчым праектам — фільмам, зробленым у час святкавання Яблычнага Спасу ў Алашках.
Прыемна адзначыць, што напярэдадні прафесійнага свята ў абласной філармоніі адбылося ўзнагароджванне лепшых работнікаў культуры вобласці. Сярод іх лепшым майстрам традыцыйных рамёстваў прызнана метадыст Дома ганчара аграгарадка Германавічы Анна Рымдзёнак. Яна атрымала Дыплом і прэмію аблвыканкама.
У час віншаванняў выступалі розныя творчыя калектывы раёна і асобныя выканаўцы.
Кацярына СОСНА.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.
[nggallery id=47]
Фота Марыны ЖАКАЎКА.