Прыёмныя бацькі — гэта прызванне душы і сэрца

Актуальное

Зоя Леанідаўна Радзюк разам з Юляй, пляменіцай Рытай, Сашам і Вольгай

У аграгарадку Наваселле, на вуліцы Гагарына здалёк бачны цагляны дом, які выдзяляецца сярод суседніх. І не толькі таму, што ён двухпавярховы, а побач размешчаны звычайныя драўляныя, а адрозніваецца перш за ўсё сваёй дагледжанасцю, з густам змайстраванымі надворнымі пабудовамі. Жывуць у ім Павел Андрэевіч і Зоя Леанідаўна Радзюк. Здавалася б, на першы погляд, звычайная сям’я: муж, жонка, дзеці, сумесная гаспадарка — тыповы вясковы сялянскі ўклад. Але ж ад астатніх іх адрознівае тое, што ў сям’і Паўла Андрэевіча і Зоі Леанідаўны выхоўваюцца трое прыёмных дзетак.

Каб мець большае ўяўленне аб паўсядзённым жыцці гэтай сям’і, Зоя Леанідаўна прапанавала нам міні-экскурсію па хатніх пакоях, азнаёміла з умовамі пражывання дамачадцаў. Вельмі цікавай, на наш погляд, акалічнасцю аказаліся “Кнігі жыцця” дзяцей. У гэтым своеасаблівым летапісе ў адзін альбом дзень за днём, месяц за месяцам, год за годам збіраюцца фотаздымкі, малюнкі, пахвальныя лісты, падзякі, граматы, дыпломы з навучальных устаноў і аздараўленчых лагераў, усё тое, што адлюстроўвае пэўныя этапы жыцця дзяцей. Дарэчы, у кожнага з іх свая асобная “Кніга жыцця”.

Першым у прыёмнай сям’і Паўла Андрэевіча і Зоі Леанідаўны ў 2008 годзе стаў хлопчык Саша. Неўзабаве, у хуткім часе сям’я павялічылася яшчэ і на дзяўчынку — муж з жонкай, параіўшыся, узялі да сябе на выхаванне родную сястру Сашы — Юлю. Крыху пазней Павел Андрэеевіч і Зоя Леанідаўна цвёрда для сябе вырашылі, што для поўнага сямейнага шчасця ім не хапае трэцяга дзіця. Так у 2009 годзе напоўніла сваім галаском дом прыёмных бацькоў дзяўчынка Вольга.

Імкліва і хутка бяжыць час, нябачна падрастаюць дзеці. Зараз усе яны — вучні Шаркаўшчынскай СШ № 1. Саша вучыцца ў 2 класе, хлопчык вельмі старанны, праяўляе схільнасці да матэматыкі. І ў маляванні таксама мае свае поспехі, у мінулым навучальным годзе заняў першае месца сярод першых класаў у конкурсе малюнкаў. Да таго ж мае жаданне авалодаць навыкамі ігры на акардэоне. Радуе сваімі поспехамі ў вучобе і васьмікласніца Юля. Яе дасягненні ацэнены школьнымі граматамі, пахвальнымі лістамі і падзякамі за выдатную вучобу і прыкладныя паводзіны. Дадаткова Юля яшчэ займаецца ў дзіцячай школе мастацтваў па класу баяна. Вольга вучыцца ў 7 класе. Акрамя вучобы асноўнымі яе захапленнямі ў вольны час сталі бісерапляценне, вязанне і шыццё.

Стаць маці для прыёмных дзяцей — гэта сур’ёзны жыццёвы крок. Вельмі шмат абавязкаў трэба ўскласці на свае плечы, каб з годнасцю апраўдаць давер перад дзецьмі, перад грамадскасцю, перад уласным сумленнем у правільнасці абранай прафесіі. Так, мы не памыліліся, бо прафесія Зоі Леанідаўны — прыёмная маці аддзела адукацыі, спорту і турызму Шаркаўшчынскага райвыканкама. Але ж, напэўна, у першую чаргу, гэта прызванне, прызванне душы і сэрца. У свой час Зоя Леанідаўна закончыла Віцебскі педінстытут, атрымала спецыяльнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры, працавала ў галіне адукацыі ў Браслаўскім раёне. Затым, па жыццёвых абставінах з мужам пераехалі ў родныя мясціны — вёску Наваселле. Пабудавалі ўласны дом, выгадавалі, вывелі на шырокую дарогу жыцця траіх родных дзяцей — дзвюх дачок і сына. А зараз яны прысвяцілі сябе выхаванню Сашы, Юлі і Вольгі.

У размове з намі Зоя Леанідаўна падкрэсліла, што ніколі не пашкадавала аб аднойчы абранай прафесіі і лічыць яе правільнай, гуманнай, нясучай дабро і ласку ў дзіцячыя сэрцы, горача любімых ёю дзетак. У гэтым і заключаецца сэнс жыцця жанчыны-маці.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *