
4 кастрычніка ў Шаркаўшчынскай СШ № 2 прайшло святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню настаўніка. Спачатку педагогаў гарадскога пасёлка і раёна, якія сабраліся ў гэты дзень у глядзельнай зале павіншавалі са святам начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Іванаўна Лемяшэўская і старшыня раённага Савета ветэранаў педагагічнай працы Ядзвіга Баляславаўна Чарвінская. Прыемнай падзеяй стала ўручэнне былому дырэктару Улінаўскай БШ-ДС Алене Мікалаеўне Прахаронак Граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
А галоўнымі героямі мерапрыемства сталі 8 педагагічных дынастый школ гарадскога пасёлка і раёна. А гэта Тэрэза Уладзіміраўна Ахрамёнак, яе дочкі Валянціна Алегаўна Рубацкая і Галіна Алегаўна Ахрамёнак, Яўгеній Іванавіч Пліско, яго жонка Ірына Мелецьеўна і дачка Ларыса Яўгеньеўна, Ніна Іванаўна Траба і яе дачка Дзіна Мікалаеўна, сям’я Міхаіла Уладзіміравіча і Фаіны Іванаўны Яблонскіх і іх дачка Вольга Міхайлаўна Чарныш, Ларыса Канстанцінаўна Чарняўская і яе дачка Марыя Станіславаўна Хахолка, сям’я Мікалая Арсеньевіча і Веры Уладзіміраўны Рымдзёнкаў, іх сын Уладзімір Мікалаевіч і ўнук Яўген, які цяпер вучыцца на пятым курсе ВДУ імя Машэрава, Віктар Сцяпанавіч і Вера Іванаўна Морхаты, іх дочкі Наталля Віктараўна Багдановіч і Марыя Віктараўна Морхат, Дзмітрый Паўлавіч і Валянціна Аляксандраўна Матошка, іх дочкі Марыя Дзмітрыеўна Арцюшэўская, Вольга Дзмітрыеўна Кажарская. Агульны педагагічны стаж кожнай з дынастый налічвае дзясяткі гадоў, а ў некаторых і больш за сотню. Увогуле, калі дзеці выбіраюць прафесію бацькоў, працягваюць іх справу — гэта з’яўляецца доказам сапраўдных адданасці і любові да прафесіі, якія перадаюцца ў спадчыну і дзецям. На жаль, абмежаванасць газетнай плошчы не дазваляе падрабязна расказаць пра кожную з дынастый, любы прадстаўнік якой, без сумнення, з’яўляецца цікавым, творчым чалавекам. У сваіх выступленнях былыя і сучасныя педагогі дзяліліся сваімі думкамі пра настаўніцкую прафесію (а сказаць было што) і віншавалі сваіх калег са святам. Старэйшае пакаленне знаходзіцца на заслужаным адпачынку, іх дзеці працуюць у школах гарадскога пасёлка і раёна, Полацку, Віцебску. Падрастаюць унукі, хтосьці з іх, магчыма, таксама абярэ гэтую няпростую, але цікавую прафесію. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што яшчэ адна рыса дакладна аб’ядноўвае ўсіх прадстаўнікоў другога пакалення дынастый: для іх кумірамі ў прафесіі з’яўляюцца іх бацькі.

А віншаваннем для паважаных настаўнікаў былі музычныя і танцавальныя нумары, падрыхтаваныя юнымі артыстамі.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.